Кіеўскае зацішша


Віктар Януковіч рыхтуе два ўказы аб роспуску Вярхоўнай Рады. Пра гэта са спасылкаю на крыніцы ў Адміністрацыі прэзідэнта піша газета “Українська правда”. Паводле выдання, прэзідэнт такім чынам хоча пазбегчы рэформы Канстытуцыі, якую апазіцыя мае намер ажыццявіць ужо на гэтым тыдні. Механізмы ўплыву на ўкраінскія ўлады сёння абмяркоўвалі і ў Еўразвязе.

{movie}Кіеўскае зацішша|right|14745{/movie}

Украіна для Еўразвязу застаецца важным суседам і балючым пытаннем. Так лічаць міністры замежных справаў еўрапейскіх дзяржаваў, так лічыць і Кэтрын Эштан – вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу па знешняй палітыцы, што сёння ў Бруселі прадставіла вынікі сваёй паездкі ў Кіеў.

КЭТРЫН ЭШТАН, КІРАЎНІЦА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ДЫПЛАМАТЫІ:
“Мы ўсцяж гатовыя падтрымаць дыялог, якому трэба даць шанс. І мы гатовыя да рэформаў, што трэба зрабіць у нашай эканамічнай падтрымцы, мы ў кантакце са многімі іншымі краінамі ды інстытуцыямі ў гэтым пытанні”.

На круглым стале еўрадыпламатаў пра Украіну сёння размаўлялі шмат, але прапанаванага Еўрапарламентам увядзення санкцыяў супраць украінскіх уладаў пакуль не разглядалі. Аднак забойствы, выкраданні, рэпрэсіі ды здзекі, што адбываюцца ва Украіне з дазволу кіраўніцтва краіны, Еўразвяз забываць не збіраецца.

ЛІНАС ЛІНКЯВІЧУС, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛІТВЫ:
“Калі штосьці ідзе не так, мы мусім быць гатовыя адрэагаваць і сказаць тым, хто нясе адказнасць, што ўсяму ёсць межы ды што мусіць быць і спагнанне”.

Еўрапейскіх палітыкаў падштурхоўваюць да дзеянняў іхныя грамадзяне, неабыякавыя да крывавых падзеяў у Кіеве. У той жа Літве сёння прайшоў “Аўтамайдан” – калоны аўтамабіляў з украінскімі і еўрапейскімі сцягамі праехаліся па вуліцах Вільні ды Каўнасу ў знак салідарнасці з Майданам.

А на Майдане пакуль ціха. Адпачывае і спецназ, і сілы самаабароны. Адначасова рыхтуючыся да новых вулічных баёў.

УДЗЕЛЬНІКІ МАЙДАНУ:
Далей ужо няма куды. Гэтая ўлада зайшла занадта далёка”.
“Народу проста абрыдла такое жыццё. І калі народ ужо сюды выйшаў, ён адсюль… альбо яго ўнясуць, альбо сыдзе з перамогаю”.

Зацішша часовае. Напярэдадні Служба бяспекі Украіны абвесціла аб увядзенні рэжыму падвышанай тэрарыстычнай небяспекі па ўсёй краіне. У сваю чаргу “Правы сектар” заклікаў украінцаў рыхтавацца да мабілізацыі ды гатоўнасці заблакаваць працу цэнтральных органаў улады.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў