Код гасціннасці


Стаць ветлівымі – на ўказ прэзідэнта. Абвешчаны сёлета Год гасціннасці хоць каляндарна і распачаўся, аднак праявіць гэтую самую гасціннасць напоўніцу краіна мае ў траўні, калі распачнецца чэмпіянат свету па хакеі. Ці тады, як заклікаюць чыноўнікі, развернецца Беларусь да турыстаў тварам? І чым яна да іх павернутая цяпер?

{movie}Код гасціннасці|right|14738{/movie}

У Год гасціннасці маюць знікнуць шмат якія памылковыя стэрэатыпы пра Беларусь, і гэты перыяд стане добрым стымулам для развіцця турызму – такі план у кіраўніцтва краіны. Як відаць, у сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі на карту сёлета паставілі сапраўды нямала.

ЧЭСЛАЎ ШУЛЬГА, НАМЕСНІК МІНІСТРА СПОРТУ І ТУРЫЗМУ:
“Мы падрыхтавалі акцыю, якая называецца “Павярніся тварам да турыста”. Што гэта азначае? Той, хто сёння можа аказаць уплыў на якасць паслугі, на тое, што мы называем “гасціннасцю”, каб быў лішні раз падрыхтаваны”.

Увогуле ж сёлета, у гэтак званы Год гасціннасці, падвышаць кваліфікацыю адправяць 70 % адмыслоўцаў турыстычнай сферы. Але ці такіх захадаў ды… загадаў дастаткова?

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:
“Каб прымаць чалавека, каб яго абслугоўваць у кавярні, на аграсядзібе, проста мець зносіны на вуліцы, патрэбныя людзі абсалютна цалкам зразумелай цывілізацыйнай планкі. А яна ў нас заніжаная”.

Падвысіць жа планку, між іншага, улады спрабуюць за кошт курсаў замежнай мовы для міліцыянтаў і прадаўцоў і ўвядзення новых тэхналогіяў. Гэтак, тэрміналы для банкаўскіх картак, якія на Захадзе – норма, у Беларусі пакуль ёсць далёка не ўсюды.

ІРЫНА НАРКЕВІЧ, НАМЕСНІЦА МІНІСТРА ГАНДЛЮ:
“Гэта мусіць стаць догмаю! Тэрмінал мусіць быць! І апрача гэтага, трэба зацікаўліваць спажыўца расплаціцца карткаю”.

А ці зацікаўленыя беларусы ідэяй Года гасціннасці? Большасць з нас традыцыйна лічыць сябе гасціннымі. Што ж тады адметнага людзі чакаюць ад чэмпіянату свету?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Можа, мы неяк упрыгожым горад, паставім нейкіх людзей, якія б расказвалі гісторыю”.
“Усе будуць больш сачыць за сабою, не будуць раскідваць смецця, каб паказаць лепш нашую культуру”.
“Няхай візы адменяць. Мы – еўрапейцам, еўрапейцы – нам. Тады і будзем развіваць гасціннасць”.

На думку ж адмыслоўцаў, у новай звычцы ўладаў чамусьці прысвячаць асобны год кепскага нічога няма. Але акрамя дэкларацыяў пра гасціннасць маюць быць і канкрэтныя ініцыятывы, як кажуць, знізу. Дый хто яго ведае, можа, беларусы і сапраўды пакажуць узор гасціннасці ўсяму свету?

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА, «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:
“Тут ёсць сумнеў. Бо наўрад ці можна нейкімі дырэктывамі зрабіць тое, што не зрабілі цягам 20 гадоў. Гэта быў бы нейкі цуд”.

А калі цуду не здарыцца, абвешчаны сёлета Год гасціннасці хутчэй за ўсё пройдзе гэтак жа, як і папярэдні Год беражлівасці, сімвалам якога можна назваць з шыкам пабудаваную дванаццатую з ліку рэзідэнцыю Лукашэнкі. Горш, калі на ўспамін пасля Года гасціннасці застануцца недабудаваныя гатэлі…

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў