Горадня трапіла пад уладу фокуснікаў


Белы трус з капелюша, зніклыя карты і вызваленне з кайданоў. Цягам выходных Горадня была пад уладаю фокуснікаў. Пры поўным аншлагу прайшоў першы ў гісторыі Беларусі міжнародны фестываль магаў. Квіткі разышліся за адзін дзень.

На вачах у анямелай публікі магі з пустэчы даставалі карты, галубоў і нават папугая – на такіх нумарах спецыялізуюцца фокуснікі. Бо, як нам распавялі ў Гарадзенскім драматычным тэатры, фокуснік і ілюзіяніст – дзве розныя прафесіі.

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|14735{/movie}

ВАСІЛЬ ТРУНОЎ, ІЛЮЗІЯНІСТ:

«Фокуснік – той чалавек, што працуе з галубамі, трусамі, невялікім рэквізітам, які можна пакласці ў валізку і з’ехаць. Ілюзіяніст – той, хто працуе з вялікім рэквізітам, які трэба вазіць у вялікай машыне: каб вынесці, патрэбныя людзі. Ну ,і не з трусамі, а з людзьмі паказвае фокусы. Яшчэ можна расказаць пра жанр «escape» – гэта калі чалавек вызваляецца з аковаў, кайданоў і гэтак далей».

Ні гэтых, ні тых у Горадні не бракавала – туды з’ехаліся шэсць дзясяткаў майстроў. Большасць, дарэчы, – з Украіны. Іншыя – з Беларусі, Расеі, Літвы, Эстоніі ды Латвіі. Адзін з іх раскрыў галоўны сакрэт усіх ілюзіяністаў.

СЯРГЕЙ «FOX» СТУПАКОЎ, ІЛЮЗІЯНІСТ (ЛАТВІЯ):

«З першага разу ніколі нічога не атрымліваецца. Моладзь часта гэтага не разумее. Тут трэба мець цярплівасць, бо маніпуляцыю – карты, шарыкі – трэба адточваць».

Нават у самага таямнічага майстэрства ў свеце ёсць свае падраздзелы: паслядоўнікі Гудыні паказвалі класічны фокус, маніпуляцыі, ментальную ды мікра-магію. Чым здзівяць налета, пакуль, вядома, не распавядаюць, але працягу ілюзіяў у Горадні напэўна варта чакаць.

Іншыя навіны: у інтэрнэце апублікавалі дэбютную кружэлку гурта «Дзецюкі». Наведнікі ХХІ Міжнароднага кніжнага кірмашу раскуплялі беларускамоўныя кніжкі для дзяцей. У Нарвегіі граюць на музычных інструментах з лёду.

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў