АМАП «захапіў» берасцейскі спорткомплекс «Вікторыя»


Прысутнасць АМАПу на спартовых спаборніцтвах стала ўжо звыклаю, што адштурхула ад наведвання стадыёнаў і спартовых палацаў сотні заўзятараў. Але тое, што адбывалася ў Берасці ў мінулыя выходныя, пераходзіла ўсе межы. Зневажальнаму дагляду, які зладзіў мясцовы АМАП, падвяргаліся заўзятары, замежныя спартоўцы і нават дзеці.

У суботу, 8 лютага, падчас правядзення гандбольнага матчу міжнароднага турніру SEH-лігі паміж камандамі Берасцейскі гандбольны клуб ім. Мяшкова і чарнагорскім «Лоўчэнам» (Lovćen) працаўнікі АМАПу заблакавалі ўсе ўваходы ў «Вікторыю» і пільна даглядалі тых, хто прыйшоў паглядзець матч. Даглядалі ў грубай форме ўсіх – заўзятараў, працаўнікоў комплексу і журналістаў, чарнагорскіх гандбалістаў і нават дзяцей. Гэтак, на вачах аўтара байцы АМАПу прымусілі выкласці з заплечніка на стол цацкі дзяўчынку гадоў сямі.

На наступны дзень з дзясятак працаўнікоў АМАПу зноў сустракаў наведнікаў «Вікторыі». У гэты час тут праходзілі гульні аматарскага міні-футбольнага турніру, арганізатарам якога выступіў клуб «Аматар». Старажылы турніру (а яму ўжо 22 гады) не могуць узгадаць нічога падобнага, ім ніколі не даводзілася праходзіць такую прыніжальную працэдуру.

Працаўнікі АМАПу спасылаліся на Закон аб міліцыі ды аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым працаўнікі АМАПу самі парушалі закон: на форме праваахоўнікаў не было бэйджаў з іхнымі імёнамі, прозвішчамі ды пасадаю, а ў тых людзей, хто патрабаваў у міліцыянтаў адрэкамендавацца, адпраўлялі на паглыблены дагляд і перапісвалі пашпартавыя звесткі. Працаўнікі АМАПу не тлумачылі, з чым звязаная мабілізацыя на спартовым аб’екце, і адказвалі, што атрымалі загад, а загады не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. Пры гэтым былі выпадкі, калі жанчын даглядалі ды абмацвалі амапаўцы-мужчыны.

«Я абураны дзеяннямі АМАПу, – кажа заўзятар з 30-гадовым стажам Уладзімір. – Праз самавольства праваахоўнікаў я ўжо 3 гады не хаджу на гульні берасцейскага «Дынама». А такіх людзей, якія праз міліцэйскую самаўпраўнасць не наведваюць футболу, сотні. Працаўнікі міліцыі ды АМАПу цяпер спрабуюць зрабіць так, каб людзі больш не наведвалі спаборніцтваў па міні-футболе, баскетболе, гандболе. Яны паказваюць, што ў людзей ніякіх правоў няма, што яны могуць зняважыць любога, паводзяць сябе нахабна. Кіраўніцтву УУС трэба задумацца над паводзінамі сваіх, мякка кажучы, дрэнна выхаваных працаўнікоў. Інакш спаборніцтвы будуць праходзіць пры пустых трыбунах, а напружанне ў грамадстве будзе расці».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонова (фота)

belsat.eu

Стужка навінаў