Грузінская апазіцыя пакрыўдзілася на аблокі


Прадстаўнікі былой кіруючай партыі Грузіі «Адзіны нацыянальны рух» выказалі незадаволенасць выявай іх краіны, якая была паказана на мапе падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Сочы, – піша «Независимая газета».

Нагодай для незадаволенасці стаў спадарожнікавы здымак Грузіі, паказаны падчас выхаду грузінскіх спартсменаў. На здымку непадкантрольныя грузінскім уладам тэрыторыі – Абхазія і Паўднёвая Асеція – былі зяцягнутыя аблокамі. Апазіцыянеры, якія прадстаўляюць былую кіруючую партыю «Адзіны нацыянальны рух», убачылі ў гэтым палітычны падтэкст.

1622726_630619140320190_69979321_n

Абурэнне, як перадае «Грузія Online», выказаў таксама і лідэр партыі «Еўрапейскія дэмакраты» Паата Давітая. «Некаторыя хочуць паказаць, што мапа Грузіі нібыта выпадкова была прыкрыта чымсьці белым, падобным на туман. Хачу адназначна заявіць, што гэта было зроблена наўмысна», – заявіў грузінскі палітык.

Рэакцыя афіцыйнага Тбілісі на гэту сітуацыю куды больш спакойная. У грузінскім МЗС заяўляюць, што не схільныя надаваць такім рэчам «занадта сур’ёзнае значэнне». У ведамстве адзначылі, што ў афіцыйных матэрыялах Міжнароднага алімпійскага камітэта Грузія намаляваная з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй у сваім складзе.

Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асецію неад’емнай часткай краіны. Гэтыя тэрыторыі адкалоліся ад яе на пачатку 1990 – х гадоў. Самаабвешчаныя рэспублікі былі афіцыйна прызнаныя Расеяй і яшчэ некаторымі краінамі. Тбілісі лічыць, што гэтыя тэрыторыі «акупаваныя» Расеяй.

ЮВ паводле lenta.ru

Стужка навінаў