На Майдане – зноў тысячы (Абноўлена)


У цэнтры Кіева праходзіла 10-е Народнае веча.
Людзі занялі вялікую частку вуліцы Крэшчацік ад вул. Інстытуцкая да Праразная. Веча традыцыйна распачалося з набажэнства. Далей адбываюцца выступы дзеячаў апазіцыі. Партал news.liga.net падае, што на Майдан прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Паводле агенцтва unian.ua, удзельнікаў – 7 тыс.
Дзясяткі чалавек раскрылі парасоны – на знак падтрымкі недзяржаўнага расейскага тэлеканалу «Дождь».


Украінская спявачка Руслана Лыжычка падчас веча паведаміла са сцэны, што ёй пагражаюць праз тэлефон фізічнаю расправаю. «Цітушкі мяне фактычна выжылі з маёй хаты – яны ўвесь час дзяжураць каля яе, і мае суседзі пра гэта інфармуюць. За маёй машынаю сочаць. На тэлефон апошнія 2 тыдні прыходзяць пагрозы аб фізічнай расправе. Мне цяжка прызвычаіцца да таго, што мне тэлефануюць і пагражаюць, што зробяць са мною тое ж, што рабілі з Дзмітрыем Булатавым». Паводле Русланы, пагрозы пачаліся пасля таго, як у шматлікіх еўрапейскіх выданнях з’явілася ейнае фота з заклікам да Еўразвязу ўвесці санкцыі супраць Віктара Януковіча і яго паплечнікаў.


Лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко са сцэны заклікаў Віктара Януковіча прыйсці ў наступную нядзелю на Майдан, каб правесці публічныя дэбаты з мітынгоўцамі.


Адзін з лідараў усеўкраінскага аб’яднання «Батькивщина», народны дэпутат Аляксандр Турчынаў заявіў, што штаб нацыянальнага супраціву прыняў рашэнне аб стварэнні атрадаў самаабароны па ўсёй Украіне.

АК, belsat.eu
Стужка навінаў