Пенсіянер абвесціў галадаванне, каб не жыць з крымінальнікамі і алкаголікамі


«Хачу жыць з людзьмі, якія адпавядаюць майму інтэлекту», – заявіў пастаялец Дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў Мікалай Жалабковіч. Кіраўніцтва называе састарэлага «энергетычным вампірам».



Спадар Жалабковіч нарадзіўся ў 1938 годзе ў Быхаўскім раёне, але большую частку жыцця правёў у Малдове. Пасля распаду Савецкага Саюзу вярнуўся ў Беларусь, нейкі час жыў у знаёмых, а потым увогуле апынуўся на вуліцы. У выніку ў 2009 годзе ён трапіў у Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў у Менску.

{movie}Пенсіянер абвесціў галадаванне. «Хачу жыць з людзьмі, якія адпавядаюць майму інтэлекту» |right|14717{/movie}

“Усё пачалася пасля капрэмонту”

Мікалай Жалабковіч папрасіў кіраўніцтва дому-інтэрнату, каб яму вярнулі ранейшы пакой, які адміністрацыя інтэрнату перадала пасля капітальнага рамонту іншым жыльцам, але начальства не адрэагавала.

Тады пенсіянер пачаў звяртацца па дапамогу ў суд, Міністэрства ўнутраных справаў, пракуратуру, Следчы камітэт і Дзяржкантроль, аднак сітуацыя ні ў чым не змянілася. У адказ, сцвярджае спадар Жалабковіч, да яго ў пакой адміністрацыя падсяліла людзей, якія раней былі ў турме, злоўжывалі алкаголем і наркотыкамі, а іхны інтэлект не адпавядаў узроўню мужчыны. «Адзін чалавек сумленна працаваў, выйшаў на пенсію, а другі, які пражыў сваё жыццё ў турэмным заключэнні і алкаголі, у нядобрых радасцях, і яны аказаліся ўсе разам. Гэта амаральна, вельмі цяжка і няслушна», – падкрэсліў спадар Жалабковіч.

Галадаванне, каб не было правакацыйнага падсялення

Каб яго выслухалі і не змушалі жыць з неадпаведнымі людзьмі, пенсіянер абвесціў галадаванне і з 6 лютага не спажывае нічога, апроч вады: «Сталая просьба да адміністрацыі – не падсяляць гэтых людзей. Хачу, каб падсялялі людзей на згоду абодвух бакоў, а не было аднабаковага, правакацыйнага падсялення».

Галадаць мужчына збіраецца аж да таго моманту, пакуль адміністрацыя дому-інтэрнату не выканае ягоных патрабаванняў.

Сведчанне іншага пастаяльца: У інтэрнаце не слухаюць просьбаў

Яшчэ адзін жыхар інтэрнату Валерый Саўчук прызнаўся, што кіраўніцтва не звяртае ўвагі на просьбы пастаяльцаў, з кім яны хочуць жыць. Ягоны цяперашні сусед лаецца матам, сварыцца, таму спадар Саўчук прасіў начальніка медычнай службы дазволіць яму жыць са спадаром Жалабковічам, але беспаспяхова: «Толкам нічога не сказала, адклала на потым. А ўжо месяц прайшоў, калі не больш».

Дырэктар: Жалабковіч проста хоча жыць адзін у пакоі

Дырэктарка інтэрнату Вера Ляйкоўская распавяла, што спадар Жалабковіч – чалавек канфліктны, жыў у інтэрнаце шмат з кім, але ні з кім не ўжываўся, а ў сталоўцы з ім ніхто не хацеў сядзець побач. «На сёння філасофія Жалабковіча адна – ён хоча жыць адзін у пакоі», – мяркуе кіраўніца дому-інтэрнату. Аднак мужчына не мае права на такую выгоду, бо не ёсць інвалідам, не вымагае медычнай і сацыяльнай апекі.

{movie}Дырэктар дому-інтэрнату, дзе пастаялец абвесціў галадоўку: Гэта энергетычны вампір |right|14718{/movie}

У інтэрнаце выкараняюць дармаедства

Паводле спадарыні Ляўкоўскай, пенсіянер усё лета і восень адпачывае на Нарачы, а толькі бліжэй да зімы перабіраецца ў інтэрнат, дзе адразу пачынае патрабаваць асобны пакой, палепшанае харчаванне, эксклюзіўнае абслугоўванне і толькі імпартныя лекі: «Мы ж працуем згодна з заканадаўствам, выконваем тое, што казаў прэзідэнт, каб выкараніць дармаедства».

Энергетычны вампір?

Пенсіянер жа, адзначыла дырэктарка, мае поўнае права сысці, зняць кватэру, жыць асобна і ўтрымлівацца са сваёй працы, бо ў доме-інтэрнаце працуюць людзі нават старэйшыя за спадара Жалабковіча. «Гэты – не, выкіне паперу на калідор і глядзіць, калі ж яе прыбяруць. Гэта ж нейкі вампір энергетычны, які невядома чаго хоча», – адзначыла дырэктарка ўстановы.

Адміністрацыя фіксуе галадаванне спадара Жалабковіча. Калі ж ён яго не спыніць, паставяць пытанні пра ягонае выключэнне з інтэрнату. Прымусова карміць пенсіянера таксама ніхто не збіраецца, бо ён не ёсць псіхічна хворы, а ўсведамляе, што робіць, дадала спадарыня Ляўкоўская.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў