У Маскве затрымалі каля 40 асобаў за тое, што былі з парасонамі (абноўлена)


Паліцыя схапіла людзей на Манежнай плошчы, якія бралі ўдзел у флэш-мобе падтрымання тэлеканалу «Дождь».



Людзей затрымалі за тое, што яны стаялі з парасонамі, прычым нават не ўсе парасоны мелі налепку з эмблемаю незалежнага тэлеканалу. Аднаго з наведнікаў плошчы забралі, бо трымаў газету над галавою. Журналісты «Дождя» падаюць, што затрымалі каля 40 чалавек.

«Надвор’е добрае, чаго яны з парасонамі?» – казалі паліцыянты.

У цісканіне, якую стварылі паліцыянты, пацярпела французская журналістка. Яе адправілі ў шпіталь.

У канцы студзеня 2014 года вакол тэлеканалу «Дождь» узнік скандал, справакаваны апытаннем пра блакадны Ленінград. У прыватнасці, у гледачоў і наведнікаў сайту каналу спыталі, «ці трэба было здаць блакадны Ленінград немцам, каб уратаваць тысячы жыццяў». На тэлеканал падалі некалькі дзесяткаў позваў у суд, а аператары кабельнага тэлебачання спынілі трансляцыю «Дождя». У выніку тэлеканал страціў больш за 80 % тэхнічнага ахопу. Кіраўніцтва каналу ўпэўненае, што апытанне было толькі падставаю для закрыцця.

МЯ, belsat.eu, паводле tvrain.ru, lenta.ru

Стужка навінаў