Кіраўнік Венесуэлы вырашыў пазмагацца з «буржуазнаю прэсаю»


«Няхай мяне назавуць дыктатарам, мне ўсё роўна, але я прыму жорсткія захады, каб пакончыць з «жаўцізною» і прапагандаю», – заявіў прэзідэнт баліварыянскай рэспублікі Нікаляс Мадура.

Прэзідэнт Венесуэлы паабяцаў выкарыстаць усе свае паўнамоцтвы, каб прыняць законы жорсткага рэгулявання прэсы, паведамляюць венесуэльскія медыі.

На думку Мадуры, прыватныя «буржуазныя медыі» робяць стаўку на правал плану замірэння Венесуэлы, ініцыятарам якога выступае кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік Венесуэлы адзначыў, што капіталізм ідэалізуе выкарыстанне зброі, а «буржуазная прэса» спадзяецца, што гвалт дапаможа аднойчы пакончыць з баліварыянскаю рэвалюцыяй.



Раней Мадура ўжо тлумачыў высокі ўзровень злачыннасці ў Венесуэле тэлесерыяламі.
На ягоную думку, тэлеканалы нажываюцца на серыялах, у якіх галоўныя персанажы забіваюць людзей, але пры гэтым падаюцца як героі.

Прэзідэнт баліварыянскай рэспублікі даў указанне міністру камунікацыяў зрабіць рэвізію тэлепраграмаў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, летась колькасць забойстваў у Венесуэле дасягнула лічбы 39 ахвяраў на 100 тыс. насельніцтва. Пры гэтым незалежная арганізацыя «Observatorio Venezolano de Violencia» называе іншыя лічбы – 79 забойстваў на 100 тыс. жыхароў. Улада гэтую статыстыку абвяргае.

ЮВ паводле ria.ru

Стужка навінаў