У ЕГУ пачынаецца серыя акцый непадпарадкавання


Акадэмічная супольнасць плануе акцыі, якія будуць праходзіць згодна з літоўскім заканадаўствам. Мэта акцый — «спыненне рэпрэсій супраць іншадумцаў і вяртанне працоўных адносінаў у прававое поле». Гаворка ідзе аб правядзенні флэшмобаў, пікетаў, накіраваных на інфармаванне акадэмічнай супольнасці і грамадскасці.

Уласна забастоўку выкладчыкі плануюць распачаць у пачатку сакавіка, паведаміўшы ў адпаведнасці з заканадаўствам адміністрацыю ВНУ, падкрэсліў член сенату ЕГУ Максім Жбанкоў.



Раней паведамлялася пра рашэнне пачаць забастоўку 7 лютага ў выпадку, калі не будзе адменены загад аб звальненні старшыні Сенату ЕГУ Паўла Церашковіча, з якім 5 лютага датэрмінова скасавалі кантракт, які заканчваецца ў верасні 2014 года. У канцы студзеня рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў адмовіў у працягу працоўнага кантракта Церашковічу. Сенат універсітэту не пагадзіўся з гэтым рашэннем і звярнуўся да генеральнай асамблеі саўдзельнікаў універсітэту і да кіраўнічага савету з просьбай адмяніць яго, аднак адказу не атрымаў.

Прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыус Удрыс заявіў, што адміністрацыя ЕГУ пакідае за сабой права на звальненне выкладчыкаў — удзельнікаў запланаванай «незаконнай забастоўкі». Як заўважыў Удрыс, літоўскае заканадаўства вельмі ясна агаворвае, якім чынам павінна аб’яўляцца забастоўка. «Яна не можа аб’яўляцца ў знак пратэсту адносна аднаго асобнага кантракта. І ў гэтым выпадку забастоўка будзе незаконнай», — сказаў прарэктар.

Паводле словаў Жбанкова, члены сенату атрымалі «ліст за подпісам Удрыса з пагрозай прыняць адміністрацыйныя меры да нязгодных выкладчыкаў». Зыходзячы з гэтага сенат зрабіў выснову, што адміністрацыя не пойдзе на перамовы.

Гісторыя канфлікту паміж адміністрацыяй і сенатам

У сярэдзіне студзеня ў ЕГУ зноў абвастрыўся канфлікт паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэту. Адміністрацыя настойвае, што змяненні адбываюцца ў сувязі з будучай акрэдытацыяй ВНУ для паляпшэння ўмоваў працы выкладчыкаў і адпавядаюць нормам Мінадукацыі Літвы. А ў паведамленні прадстаўнікоў дэмакратычнай платформы «За новы ЕГУ» гаворыцца, што пры аб’яўленні конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пазіцый адміністрацыя ўніверсітэту наўпрост умяшалася ў дзейнасць сенату і фактычна прысвоіла яго паўнамоцтвы.

Платформу «За новы ЕГУ», якая атрымала большасць на выбарах у сенат універсітэта 19 лістапада, стварыла група выкладчыкаў, не згодных з «аўтарытарным стылем кіравання» адміністрацыі.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага ўніверсітэту ў выгнанні.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў