У Гарадзенскім тэатры лялек пачалі паказваць іранічнага і смешнага «Фаўста»


Вядомая трагедыя Ёгана Вольфганга Гётэ, заснаваная на міфах пра доктара Фаўста, перажыла сваё чарговае ўвасабленне на сцэне Гарадзенскага тэатру лялек.

Гэта – прэм’ерны паказ «Фаўста», з учорашняга дня спектакль дасяжны шырокаму гледачу. Стварылі новае бачанне і прапусцілі тэкст Гётэ праз уласную вобразнасць рэжысёр Алег Жугжда і мастак Аляксандр Сільвановіч.

{movie}Агляд падзеяў культуры (07.02.2014)|right|14701{/movie}

«Гэта не вельмі сур’ёзны твор, калі сапраўды добра прачытаць Гётэ, твор аказваецца вельмі іранічным і смешным. І сітуацыі, якія там здараюцца, таксама смешныя», – дзеліцца ўражаннем Алег Жугжда.



Рэжысёр мяркуе, што сучаснікі Гётэ маглі бачыць сябе ў трагедыі, як у крывым люстэрку. «Фаўст», паводле спадара Жугжды, напоўнены сатыраю ды іроніяй.

Галоўную ролю ў спектаклі выканала гарадзенская знакамітасць – Аляксандр Шалкаплясаў. Маладыя акторы такую супрацу ўспрынялі як творчы выклік.

«Мне цікава супрацоўнічаць з акторам Драматычнага тэатру Аляксандрам Віктаравічам Шалкаплясавым. Прыемна і цяжка працаваць з акторам такога ўзроўню», – кажа актор Аляксандр Рацько.



Шкада толькі, што спектакль, не зважаючы на наяўнасць бліскучага перакладу Васіля Сёмухі на беларускую мову, граюць па-расейску.

Іншыя тэмы: Тры вядомыя рэгі-гурты Беларусі выступілі на дні народзінаў Боба Марлі ды распавялі пра сваё бачанне музыкі змагання. На вечарыне, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова, унук паэта граў разам са сваім гуртом «Ліцвіны», а праўнучка паказала свае малюнкі. ПЭН-Цэнтр разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў вылучылі намінантаў на прэмію «Дэбют».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў