Утылізацыйны збор будзе «на парадак вышэйшы», чымся выдаткі на ўтылізацыю


Паводле меркавання экспертаў аўтамабільнага рынку, прапанаваная для Беларусі сума ўтылізацыйнага збору з аўтамабіляў значна перавышае грошы на іх утылізацыю.

Такі пункт гледжання выказаў дырэктар імпарцёра «Volkswagen» «Атлант-М» Сяргей Міхневіч, адказваючы на пытанні журналістаў на прэс-канферэнцыі.

Ён адзначыў, што указ прэзідэнта аб увядзенні збору яшчэ афіцыйна не апублікаваны, таму можна казаць толькі пра тое, які быў праект дакументу, што, як чакаецца, набудзе моц 1 сакавіка. Меркавана, пад абкладанне ўтылізацыйным зборам не падпадзе тэхніка, зарэгістраваная і аформленая на мытні ў Беларусі да 1 сакавіка. «І гэта, несумненна, станоўчы факт, бо не падаражэюць склады аўтамабіляў дылераў, увезеныя раней», – сказаў Міхневіч.

Паводле яго, плацельнікамі ўтылізацыйнага збору будуць фізічныя, юрыдычныя асобы ды індывідуальныя прадпрымальнікі. Мяркуецца, што аўтамабілі, вырабленыя ў Беларусі, будуць вызваляцца ад утылізацыйнага збору.

Міхневіч адзначыў, што гэтым зборам будзе абкладацца на расейскім рынку ўся беларуская тэхніка. «Каб была канкурэнтавай нашая тэхніка, нашыя вытворцы павінны будуць зніжаць кошты і, па сутнасці, дарыць гэтыя грошы расейскаму бюджэту. Адпаведна, нашым вытворцам трэба будзе гэтыя грошы неяк пакрыць. Верагодна, гэта будзе рабіцца за кошт усіх нас», – адзначыў эксперт.

Пры гэтым Міхневіч звярнуў увагу, што ідэя ўтылізацыі сама па сабе правільная: любы вытворца ці імпарцёр мусіць адкладаць пэўную суму на ўтылізацыю тэхнікі. «Але сума ўтылізацыі аднаго аўтамабіля не можа складаць столькі, колькі прапаноўваецца цяпер. Значыць, гэта каштуе на парадак менш», – падкрэсліў Міхневіч.

Ён адзначыў, што ў гэтым плане яму імпануе пазіцыя Казахстану, які таксама ўваходзіць у Мытны саюз, але не спяшаецца ўвесці гэты збор. «Там створаць дзяржпрадпрыемства, якое будзе займацца ўтылізацыяй на сумы збору. Я спадзяюся, што з часам СГА прымусіць гэтае мыта знізіць. Бо ўжо сёння, калі РФ выплочвае збор і са сваёй, і з імпартавай тэхнікі, патрэбнасці ў такой вялікай суме збору, напэўна, няма», – растлумачыў Міхневіч.

Прэс-служба прэзідэнта Беларусі 6 лютага паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 64 «Аб утылізацыйным зборы ў адносінах транспартавых сродкаў».

«Дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама максімальнага ўцягвання адкідаў у грамадзянскі абарот у якасці другаснай сыравіны», – адзначаецца ў паведамленні.

Указ усталёўвае віды і катэгорыі транспартавых сродкаў, у дачыненні якіх будзе выплочвацца ўтылізацыйны збор. «У ліку іншых гэтым зборам будуць абкладацца транспартавыя сродкі з электрарухавікамі (за выключэннем абсталяваных гібрыднаю сілавой сістэмаю), павышанай праходнасці, самазвалы, прызначаныя для эксплуатацыі ва ўмовах бездаражы (масай больш як 50 тонаў), і аўтамабілі, што ўвозяцца фізічнымі асобамі для асабістага карыстання незалежна ад аб’ёму рухавіка», – гаворыцца ў паведамленні.

Утылізацыйны збор будзе выплочвацца паводле базавых ставак і каэфіцыентаў да іх, якія мае вызначыць урад, аднаразова за кожны транспартавы сродак. «Да такіх транспартавых сродкаў адносяцца вырабленыя і адчужаныя на тэрыторыі краіны, у тым ліку прызначаныя для патрэбаў вытворцы; увезеныя ў краіну для асабістага карыстання і выпушчаныя ў мэтах абароту без абмежаванняў на карыстанне і распараджэнне; увезеныя з тэрыторыяў дзяржаваў – чальцоў Мытнага саюзу, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі», – гаворыцца ўва ўказе.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў