«Вы ж падрываеце аўтарытэт прэзідэнта!» Як адзіная з вёскі перамагла чыноўнікаў


Не толькі афрыканская чума свіней, але і прафілактычная зачыстка фактычна выкасілі пагалоўе свіней у шматлікіх рэгіёнах краіны. Але праблемы ў тых, хто асмеліўся пратэставаць супраць знішчэння сваёй маёмасці, працягваюцца. Жыхарка Клімавіцкага раёну яшчэ са жніўня спрабуе даказаць, што мае права на ўласную гаспадарку.

Да Магілёўскай вобласці чума не дабралася, але жыхарам вёскі Дамамерычы ўсё роўна загадалі знішчыць жывёлу. Прычына ў тым, што АЧС знайшлі ў суседняй… Смаленскай вобласці Расеі. З вяскоўцаў толькі Алена Марчанка пастанавіла адстойваць свае правы ды патрабаваць кампенсацыю, калі ўжо так неабходна забіваць свіней.

{movie}Чума прайшла, суды ідуць|right|14689{/movie}

АЛЕНА МАРЧАНКА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ДАМАМЕРЫЧЫ:

“Нам канкрэтна сказалі, што грошай у бюджэце няма. Увогуле, калі вы і аддасцё сваіх маленькіх парсюкоў, то будзеце чакаць “энную” колькасць часу, можа, і гадамі. Гэта прадстаўнік вобласці казаў”.

У спадарыні Марчанка на свінагадоўлі трымалася ўся гаспадарка. Грошы з яе ішлі на лекаванне сына, які пакутуе ад рэдкай анамаліі касцей. Ды акрамя ўсяго гэтага, ейны дом проста не ўваходзіць у 5-кіламетровую зону бяспекі вакол ачагу АЧС. Але жанчына ўсё роўна мусіла дабівацца праўды ў судзе. Мясцовым чыноўнікам нават кіраўнік краіны не ўказ, абураецца жанчына.

АЛЕНА МАРЧАНКА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ДАМАМЕРЫЧЫ:

“Прэзідэнт таксама казаў да кожнага падыходзіць індывідуальна. То бок не чуюць – мне проста ў твар кажуць, ці мала, што там прэзідэнт сказаў. То бок падрываюць. Вы ж асобы на пасадзе, прызначаныя фактычна прэзідэнтам, вы ж падрываеце аўтарытэт прэзідэнта!”

Ці гэта пераканала чыноўнікаў, невядома. Аднак у выніку адміністрацыя раёну дазволіла жанчыне пакінуць жывёлінаў… да першага сакавіка. Аднавяскоўцы ж суседкі не падтрымалі – маўляў, трэба было хаваць свіней, як зрабіла большасць з іх. Але гэткія партызанскія метады – не найлепшы шлях да абароны сваёй гаспадаркі і сваіх правоў, мяркуюць адмыслоўцы.

БАРЫС БУХЕЛЬ, ПРАВААБАРОНЦА:

“Пакуль яны не аб’яднаюцца, пакуль не пачнуць калектыўна бараніць, ствараць нейкія грамадскія арганізацыі, то будзе так – будуць іх біць па адным. Хтосьці ведае пра праваабаронцаў, знойдзе выйсце, а тыя, хто не ведаюць, здаюцца”.

Алена Марчанка не здавалася. Яна звярталася і ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, і ў Камітэт дзяржкантролю, ды нават напісала зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. Бо мясцовыя чыноўнікі параілі ёй… пераехаць. Тая адказала судоваю позваю.

СЯРГЕЙ НЯРОЎНЫ, ЖУРНАЛІСТ, ГАЗЕТА «ВОЛЬНЫ ГОРАД»:

“Будзем назіраць, што будзе з Аленаю Марчанка, і маральна яе падтрымліваць, бо гэта будзе добры прыклад для астатніх, што і ў гэтай сітуацыі, будзь тое чума свіней, ці іншае – заўсёды трэба абараняць свае правы і пачуваць сябе годным чалавекам”.

А часам і пераможцам. Суд Клімавіцкага раёну сёння адмяніў пастанову раённай адміністрацыі. Хоць вырашаць, ці мае жанчына права трымаць свіней, будуць на чарговым паседжанні, для Алены Марчанка такая пастанова – ужо перамога. Такога маглі дамагчыся і іншыя пакрыўджаныя ветэрынарнымі службамі, калі б не баяліся змагацца за свае правы.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў