Маці зніклага Юрыя Захаранкі ўсцяж чакае свайго сына


Улляна Захаранка адзначыла сёння 90 гадоў. 15 апошніх яна нічога не ведае пра лёс свайго сына. У дзень народзінаў маці экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі наведалі грамадскія актывісты ды паплечнікі зніклага палітыка.

У драўлянай вясковай хаце ў Васілевічах, што на Гомельшчыне, сёння поўна гасцей. І гаспадыня сустракае іх усмешкаю – у апошнія гады рэдкаю на ейным твары.

Пахавала жанчына і мужа, і аднаго сына. Што ж сталася з другім, Улляна Рыгораўна не ведае ўжо амаль 15 гадоў.

{movie}Народзіны маці Захаранкі |right|14688{/movie}

УЛЛЯНА ЗАХАРАНКА, МАЦІ ЗНІКЛАГА:

“У мяне ўсё было добра. У мяне Валодзя памёр, падводнік. І праз год Юру забралі. Вось гэта ў мяне траўма страшная”.

І не знікае яна з 1999-га, калі Юрыя Захаранку ля ўласнага дому выкралі невядомыя. Неўзабаве сям’я генерала з’ехала за мяжу. Прытулак атрымала ў Нямеччыне, адкуль сёння бабулю павіншавалі ўнучкі.

У свята Улляны Рыгораўны, якога разам з ёй не сустрэнуць сыны, жанчыну наведалі сябры ды паплечнікі Юрыя Захаранкі.

УЛАДЗІМІР КАЦОРА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

“Мы прыязджаем, як і іншыя з Менску, нашыя калегі з партыі, з дэмакратычнага лагеру, бо немагчыма праходзіць міма людскога болю. Мы спачуваем Улляне Рыгораўне, бо мы бачым, што яна, на жаль, не адзіная”.

І сапраўды, генерал Юрый Захаранка – першы палітык у Беларусі з шэрагу зніклых без вестак апазіцыянераў. Праваабаронцы ды прадстаўнікі міжнароднай супольнасці не раз выказвалі ўпэўненасць, што за выкраданнямі стаялі “эскадроны смерці”, зарганізаваныя Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля ягонага прыходу да ўлады Захаранка ўзначаліў Міністэрства ўнутраных справаў, але неўзабаве яго звольнілі. Экс-міністр далучыўся да апазіцыі. Меў ён вялікі аўтарытэт сярод вайскоўцаў ды ініцыяваў стварэнне незалежнага звязу афіцэраў.

АЛЯКСАНДР САСНОЎ, БЫЛЫ МІНІСТР ПРАЦЫ:

“Юры Захаранка быў вельмі сумленны чалавек, які паважаў законы, паважаў канстытуцыю. Які паважаў народ краіны”.

Крымінальную справу паводле выкрадання завялі ў 1999 годзе. Гэткім чынам, ужо сёлета мінае 15-гадовы тэрмін даўніны, што дазволіць уладам спісаць яе ў архіў.

Следчыя не выявілі ані замоўцаў, ані выканаўцаў. А маці дасюль атрымлівае адпіскі.

УЛЛЯНА ЗАХАРАНКА, МАЦІ ЗНІКЛАГА:

“Дапамажыце, я ж адна засталася, няма каму мяне глядзець. Дык яны – мы шукаем, мы шукаем. Яны ліст дашлюць вялікі – я пачытаю, паплачу. Яны шукаюць, а няма нічога…”

Нягледзячы на ўсё, Улляна Рыгораўна спадзяецца, што даведаецца, дзе ейны сын. І працягвае яго чакаць – гэтак, як можа чакаць толькі маці.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў