Навуковец з ЗША: Спадзяюся, амерыканцы будуць ведаць больш пра беларускіх пісьменнікаў


Рэпарцёр «Белсату» Алесь Сіліч паразмаўляў з прафесарам нью-ёркскага ўніверсітэту Томасам Бэрдам пра беларускую літаратуру і кіно.

– Прафесар Бэрд, калі быць шчырым, амерыканцы не ведаюць беларускай літаратуры. Чаму, на Вашую думку?

– Я б сказаў, што на гэта ёсць дзве прычыны. Па-першае, цягам вельмі доўгага часу мы мелі надта абмежаваны інтэрас ва Усходняй Еўропе. Мы факусаваліся на Расеі, не цікавячыся іншымі краінамі. Больш за тое, гэты інтэрас быў свядома накіраваны выключна на савецкую літаратуру. Па-другое, існуе эканамічная прычына. Выдаўцы, якія працуюць у капіталістычнай краіне, зацікаўленыя ў аб’ёмах продажаў кніг. А замежная літаратура, нават у выдатным перакладзе, заўсёды будзе хадзіць у аўтсайдарах.

{movie}Навуковец з ЗША: Спадзяюся, амерыканцы будуць ведаць больш пра беларускіх пісьменнікаў |right|14677{/movie}

– Дазвольце мне не зусім з Вамі згадзіцца. Расейскія аўтары, такія, як Дастаеўскі, Чэхаў, Талстой, Бродскі, вельмі добра тут вядомыя…

– Класікі з Еўропы заўсёды былі папулярныя ў амерыканскіх універсітэтах, а гэта значыць – сярод адукаваных людзей. Талстой, Дастаеўскі, як Вы адзначылі, Бродскі… Мне вельмі прыемна, што Вы згадалі Бродскага. Бродскі быў чальцом нашага факультэту тут, у Квінскім каледжы Нью-ёркскага ўніверсітэту. Ён быў маім добрым сябрам, мы часта з ім кантактаваліся. Некалі я звярнуў увагу Іосіфа на вашага пісьменніка Васіля Быкава. Я даў яму некалькі быкаўскіх твораў на расейскай мове. Бродскі быў вельмі ўражаны Быкавым. Болей за тое, ён пачаў рыхтаваць ліст у Нобэлеўскі камітэт з рэкамендацыяй узнагародзіць Васіля Быкава Нобэлеўскаю прэміяй. Той ліст, на жаль, гэтак і не быў дапісаны і дасланы, бо Бродскі раптоўна памёр.

– Я чуў, што Вы вельмі актыўны ў прасоўванні беларускай літаратуры тут, у Нью-Ёрку.

– Нам вельмі пашчасціла, мы маем даволі шмат асобнікаў кніг некалькіх знакамітых беларускіх пісьменнікаў. Пачынаючы з кніг, якія надрукаваў ваш першадрукар Скарына, а таксама твораў таго ж Багдановіча і ўжо сучаснага пісьменніка Арлова. У мяне была шчаслівая магчымасць знаёміць з беларускімі пісьменнікамі на нашых нацыянальных канферэнцыях па славянскіх культурах. І ў дадатак да гэтага, мы прымалі тут некалькіх вашых пісьменнікаў: Барадуліна, Бураўкіна, Адамчыка. Калісьці яны прыязджалі ў ААН у складзе беларускай дэлегацыі ў Генеральнай асамблеі. Мы запрашалі іх да нас сюды, у студэнцкае мястэчка. Яны размаўлялі тут з вельмі вялікімі аўдыторыямі. Гэта была цудоўная магчымасць кантакту з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, якія пішуць цяпер.

– Калі казаць пра кіно, беларуская дзяржава, калі я не памыляюся, уклала 10 мільёнаў долараў у «паход» беларускіх фільмаў на Захад. Ці будзе эфект ад гэтага?

– Я рады чуць гэта. Бо адзначу, што аддзелы сучаснай літаратуры шырока распаўсюджаныя ва ўніверсітэтах Амерыкі. І яны трактуюць свае інтарэсы вельмі шырока. Яны былі б шчаслівыя улучыць у свае фонды фільмы, знятыя паводле літаратурных твораў усходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Але ў выпадку, калі перакладчыкі ў тых фільмах забяспечыць субцітры. Гэта было б амаль гарантыяй таго, што беларускія фільмы увайшлі ў курсы вывучэння твораў сучаснай літаратуры. І калі б яшчэ тыя перакладчыкі былі вельмі энергічныя і пераклалі ўсю кнігу, то фільмы ды кнігі без ўсялякага сумневу былі б прынятыя ў некаторых аддзелах сучаснай ды славянскай літаратуры ўніверсітэтаў Амерыкі.

– А як наконт літаратуры?.. Што можа зрабіць Беларусь, каб заахвоціць людзей тут, на Захадзе, чытаць беларускія кнігі?

– Самая карысная рэч, якую мог бы зрабіць урад Беларусі на гэты конт, гэта знайсці грошы на добрыя пераклады. І зрабіць беларускія кнігі ў перакладзе даступнымі на заходнім рынку і за разумныя кошты. Гэтыя крокі забяспечаць прысутнасць беларускай літаратуры ў бібліятэках самых буйных універсітэтаў Злучаных Штатаў, у якіх ёсць аддзелы славянскай ды сучаснай літаратуры.

– І я ведаю, што Вы хацелі сказаць нешта нашым гледачам па-беларуску…

– Мне сапраўды было прыемна пагутарыць з вамі сёння. Я рады мець магчымасць вітаць вас у месцы, дзе пабывала столькі беларускіх пісьменнікаў, напрыклад, Бураўкін, Барадулін, Адамчык і іншыя. Я спадзяюся, што ўрэшце амерыканцы будуць пра іх ведаць больш.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў