Ці спыніць Крэмль «малочныя рэкі» з Беларусі?


Беларускія вытворцы малака могуць у хуткім часе займець сур’ёзныя праблемы са збытам прадукцыі. Расейскі ўрад пастанавіў абараніць свой рынак ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. У тым ліку з беларускага боку. Наколькі сур’ёзныя гэтыя намеры?

Малочная галіна найгорш перанесла ўваходжанне Расеі спачатку ў Мытны саюз, а потым у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Цяпер Расея займае першае на свеце месца паводле імпарту малака. Летась з-за межаў краіны набылі 11 млн т. Натуральна, мясцовыя вытворцы б’юць ва ўсе званы.
{movie}Ці спыніць Крэмль «малочныя рэкі» з Беларусі?|right|14675{/movie}
Імаверна, іх нарэшце пачулі. Аб праблемах малочнай галіны сёння выказаліся на самым высокім узроўні. У прыватнасці, прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў пра неабходнасць абараніць расейскі рынак ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Дзеля гэтага Расея плануе ініцыяваць антыдэмпінгавае расследаванне (дэмпінг – продаж тавараў па штучна заніжаных цэнах, каб замацавацца на новых рынках ці выцесніць канкурэнтаў) у дачыненні краінаў Еўразвязу, а таксама Беларусі.

Паводле Мядзведзева, беларускія вытворцы не мусяць працаваць у «рэжыме максімальнай пастаўкі ўсяго на расейскі рынак», як гэта, на думку прэм’ера, адбываецца цяпер.

Андрэй Даніленка з расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака падкрэсліў: «За кошт больш высокага ўзроўню дзяржаўнага падтрымання беларускі бок здольны пастаўляць прадукцыю ў Расею па коштах, ніжэйшых за сабекошт. То бок, калі б у беларускага боку не было дзяржаўнага падтрымання, то сабекошт прадукцыі быў бы істотна вышэйшы. Гэта азначае, што на наш рынак прадукцыя трапляе па ніжэйшых коштах, чым мы здольныя яе вырабіць у Расеі, што не адпавядае дамоўленасці пра сістэму справядлівай канкурэнцыі».

Малочная галіна – самая праблемная ў расейскай прамысловасці. Сітуацыя вымусіла ўрад год таму пачаць субсідаваць малочнікаў. Сума дзяржаўнага падтрымання склала 13,5 млрд расейскіх рублёў за год. Праграму падтрымання працягнулі і сёлета.

Беларускія вытворцы малака і сапраўды скіроўваюць свой экспарт у першую чаргу ў Расею. Туды ідзе больш як 70 % усёй іх прадукцыі, што прадаецца за мяжу. Пакуль незразумела, чым ім пагражае антыдэмпінгавае расследаванне і як моцна яно зменіць сітуацыю. Аднак нагода шукаць запасны варыянт ужо ёсць.

Аліна Радачынская, «Белсат», Масква

Стужка навінаў