CNN папрасіў прабачэння за манумент «Мужнасць» у спісе жахлівых помнікаў


«Мы разумеем, што ўлучэнне Берасцейскай крэпасці-героя аўтарам у гэты артыкул абразіла пачуцці людзей у Беларусі ды Расеі. Гэта было ненаўмысна, і мы просім прабачэння. Аўтар артыкула меў намер зрабіць гумарыстычны агляд манументальнай архітэктуры па ўсім свеце. CNN прызнае, што гэты помнік мае святое значэнне для тых шматлікіх людзей, якія шануюць ахвярнасць жаўнераў», – дадалі 6-га лютага да скандальнага артыкула на старонцы CNN.



У каментары аўтара да фатаграфіі помніку першапачаткова было напісана, што «мужнасць патрэбная дзеля таго, каб паглядзець на гэтую бетонную выяву воіна, які выглядае ці то вельмі раз’юшаным, ці то такім, хто мае праблемы са страваваннем».



На думку аўтара, «раззлаваны гігант-беларус, які ўзнікае з масы бетону, выглядае гэтак, як быццам рыхтуецца падпарадкаваць Захад перад тым, як закіне Паўночную Амерыку на сонца». Падавалася таксама, што манумент нагадвае пра абарону Берасця і перамогу СССР у ІІ сусветнай вайне, а таксама перасцерагае, што «ніколі не варта сварыцца з Беларуссю».

Аднак пасля таго, як рэдакцыя тэлеканалу папрасіла прабачэння, змяніўся і подпіс пад фатаграфіяй беларускага манументу: з каментара зніклі найбольш рэзкія фрагменты, а пад аўтарскім апісаннем з’явілася фраза: «Ён (манумент. – belsat.eu) можа не быць прыгожым, але ніхто не адмаўляе яго маштабу і значэння».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў