«Harley» Папы Францішка прадалі за € 241,5 тыс.


Арганізатары аўкцыёну спадзяваліся атрымаць за матацыкл € 12–15 тыс.

Матацыкл фірмы «Harley Davidson», які пантыфік ахвяраваў на дабрачынныя мэты, прадалі з аўкцыёну «Bonhams» у Парыжы за € 241,5 тыс., паведамляюць сёння французскія медыі. Унікальнасць транспартавага сродку была і ў тым, што галава Каталіцкага касцёлу пакінуў на бензабаку свой аўтограф.

Пакупнік матацыкла пажадаў, каб ягонае імя не называлася. Паведамляецца толькі, што шчодры ўдзельнік аўкцыёну паходзіць з Еўропы.

Легендарная амерыканская фірма, якая выпускае матацыклы, падарыла пантыфіку «Harley» у чэрвені мінулага года. Невядома, ці сядаў Папа Францішак на гэты матацыкл, але ўжо ў кастрычніку ён перадарыў яго дабрачыннай арганізацыі «Caritas Roma».

Каталіцкая арганізацыя працуе з 1979 года. Яна дапамагае прытулкам для бесхацінцаў, начлежкам, сталоўкам для бедных і медычным цэнтрам.

«Атрыманыя сродкі прызначаюцца для рэканструкцыі сталоўкі ды прытулку для бедных пры чыгуначным вакзале «Тэрміні» ў італьянскай сталіцы», – распавялі прадстаўнікі радыё «Ватыкан».

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by, euronews.com

Стужка навінаў