«У адрозненне ад Беларусі, ва Украіне ёсць апазіцыйныя лідары»


Журналіст радыё «Свабода» Валер Каліноўскі, які завітаў у студыю праграмы «Размова Калінкінай», патлумачыў, чаму ўкраінцы узялі палкі ў рукі.

Параўноўваючы Еўрамайдан з Памаранчаваю рэвалюцыяй, журналіст падкрэсліў, што гэтыя рэвалюцыі розныя паводле ступені напалу. «Сённяшні пратэст больш суровы. Бо цяпер улада ва Украіне больш суровая. Яна не ідзе на кампрамісы з дэманстрантамі. У выніку такога глухога маўчання ўладаў частка дэманстрантаў пайшла на абвастрэнне, на атаку «Беркута», і пралілася кроў», – кажа госць «Размовы Калінкінай».

Вінаватым у кровапраліцці ды братазабойчай вайне Валер Каліноўскі лічыць украінскага прэзідэнта і кіроўную эліту. «Януковіч увесь час ўжываў сілу. Усё пачалося з разгону студэнцкага Майдану. Пазней ён зрабіў яшчэ некалькі спробаў разагнаць пратэстоўцаў. Януковіч увесь час ішоў на абвастрэнне сітуацыі, і кожны ягоны крок прыводзіў да новай хвалі пратэстаў. Таму палітычная адказнасць за тое, што адбываецца, ляжыць на тых, хто кіруе краінаю», – падкрэсліў суразмоўца Святланы Калінкінай.

Ці не перагнулі палку дэманстранты, калі пачалі захопліваць будынкі, улічваючы, што разгон студэнцкага Майдану 2 месяцы таму быў не такі і крывавы паводле беларускіх мерак, задаецца пытаннем вядоўца Святлана Калінкіна.

«Вы гледзіце на гэтую сітуацыю зыходзячы з беларускага досведу, – кажа Валер Каліноўскі. – Першы разгон паводле беларускіх мерак не такі ўжо і крывавы. Але ўлада Беларусі ніколі не дазваляла займаць адміністрацыйных будынкаў. Ува Украіне – іншы досвед. У іх не было такіх разгонаў мітынгоўцаў. Іншая сітуацыя ўва Украіне, іншы менталітэт ды іншая гісторыя апошніх 20 гадоў», – канстатуе журналіст і звяртае ўвагу на пытанне, якое вельмі востра цяпер стаіць у Беларусі. «У адрозненне ад Беларусі ўва Украіне ёсць апазіцыйныя лідары. Ёсць парламенцкія фракцыі ды ёсць магчымасць прававымі метадамі вырашаць пытанні. Апошнім часам Віталь Клічко праявіў сябе як моцны лідар. Ягоны рэйтынг расце. Мне падаецца, што ён быў бы цудоўным прэзідэнтам».

Чаму кіеўскі Майдан дагэтуль не апусцеў, і навошта ўкраінскай апазіцыі старая Канстытуцыя?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні – у відэаматэрыяле!

{movie}”Размова Калінкінай”: “У адрозненне ад Беларусі, ува Украіне ёсць апазіцыйныя лідары” |right|14674{/movie}



ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў