Краіна казіно: інвалід прайграла Br 2 млрд і хацела забіць сябе


Жанчыне-інваліду з Бабруйску пагражае 10 гадоў турмы за пазыкі.

Сюжэт пра гэта падрыхтавала праграма «Маю права». Яна выходзіць на «Белсаце» штосераду а 20:30. Паглядзець яе вы можаце ў онлайн-трансляцыі на нашай старонцы або ў раздзеле «Нашыя праграмы».

{movie}Сюжэт з праграмы “Маю права”|right|14664{/movie}

Надзея Акуліч з Бабруйску – інвалід слыху. Лёс не збярог яе яшчэ ад адной хваробы: яна стала заўсёдніцаю казіно. «У мяне была буйная выйгранка, Br 36 млн, пасля – 16 млн. Трэба дахаты ісці, а не атрымліваецца…» – распавяла жанчына «Белсату».

Заробку памерам Br 3 млн хутка стала не хапаць на казіно. Тады сп-ня Надзея ўзяла крэдыт у банку. Сама ўлезла ў пазыкі ды пераканала яшчэ 29 чалавек узяць для яе крэдыт. Цяпер яна вінная людзям Br 2 млрд.

Спачатку яна вяртала крэдыты. Пасля таго, як у казіно пачала толькі прайграваць, зрабіла спробу самагубства. Трапіла ў псіханеўралагічны дыспансер у Навінках. Яе выпісалі з дыягназам «дэпрэсіўны стан на фоне гульнёвай залежнасці». Каб спроба суіцыду не паўтарылася, лекар раіць знайсці спосаб выплаціць грошы. «Лекі ўвесь час нельга прымаць: арганізм прывыкне», – пераказвае словы медыкаў Ніна Лапцева, маці Надзеі.

Жанчына здзіўляецца, як банк мог выдаць столькі крэдытаў інваліду. Чаму не спраўдзілі, ці зможа яна выплаціць грошы? У банку «Белсату» паведамілі, што сталым кліентам сапраўды даюць крэдыты, не правяраючы іхнай плацежаздольнасці.

На Надзею завялі крымінальную справу паводле артыкулу «наўмыснае махлярства ў буйным памеры». Ёй пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення. Былыя сябры, якія некалі бралі для яе крэдыты, пагражаюць самасудам. «Мне страшна ісці на працу. Там мяне раздзяруць».

Казіно пачалі масава з’яўляцца ў беларускіх гарадах пасля 2009 года, пасля таго, як гульнёвы бізнес знішчылі ў Расеі. У Бабруйску за гэты час адчынілася больш за 10 новых казіно.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў