Клюшкі дапамогуць вызваліць палітвязняў


Дамагчыся вызвалення ўсіх палітзняволеных да пачатку чэмпіянату свету па хакеі. Такую мэту паставіла новая грамадская кампанія «Сумленная гульня». Ініцыятыва аб’ядноўвае палітыкаў, праваабаронцаў і сваякоў палітвязняў. Мінуў першы месяц іхнай працы ў гэтым кірунку. Цяпер актывісты агучылі запланаваныя чарговыя крокі.
{movie}Сумленная гульня (05.01.2014) |right|14662{/movie}
Гэтак выглядаюць у Беларусі вітрыны, прысвечаныя чэмпіянату свету па хакеі. А так – спробы грамадзянаў дамагчыся вызвалення палітзняволеных і даведацца праўду пра зніклых. У чым можа дапамагчы новая грамадская кампанія «Fair play»?

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА: «Fair play» – гэта сумленная гульня, у якой даецца выразны пасыл кіраўніцтву краіны, у прыватнасці Аляксандру Лукашэнку, што надышоў час перайсці на сумленныя правілы гульні паводле дзейнага заканадаўства.

Менавіта да гэтага маюць прымусіць чарговыя захады грамадскай ініцыятывы, то бок акцыя збору подпісаў пад петыцыяй да міжнароднай супольнасці ды ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аказаць ціск на ўлады Беларусі, каб яшчэ да чэмпіянату свету не засталося ніводнага палітзняволенага ў беларускіх турмах.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Яны мусяць ведаць, што не будзе ніякай сумленнай гульні, калі за кратамі будуць людзі. Свята не будзе! Хочаш, каб гэта больш-менш цывілізавана прайшло, адпускай людзей”.

Таму ў планах кампаніі «Fair play» – паведаміць самым шырокім палітычным і грамадскім колам замежжа, што ў месцах зняволення ў Беларусі ўтрымліваюць як мінімум 11 палітычных апанентаў уладаў.

ГАННА КРАСУЛІНА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Мы дагрукаемся да ўсіх заўзятараў праз форумы, сацыяльныя сеткі, праз рэдакцыі ўсіх уплывовых у свеце газетных выданняў. У нас гэта атрымаецца!”

Адкуль упэўненасць у паспяховасці ініцыятывы?

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Ёсць прыклад. Такое зрабіў Пуцін. Яму гэтага не хацелася. Аднак дзеля Алімпіяды ў Сочы ён пайшоў на тое, каб вызваліць сваіх асабістых ворагаў”.

Чэмпіянат свету па хакеі–2014 стартуе 9 траўня. Ці стане гэты дзень пераможным для прыхільнікаў “Сумленнай гульні”?

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/yfIj5N0q1Dg

Глядзі таксама
Каментары