Мясніковіч атрымаў "неабмежаваныя" паўнамоцтвы


Праблемы ў эканоміцы ўсё тыя ж, а перспектывы яшчэ горшыя. Кіраўнік краіны загаварыў пра катаклізмы, да якіх могуць прывесці сённяшнія тэндэнцыі ў прамысловасці. Цяпер разгрузіць склады – асабістая задача прэм’ера Міхаіла Мясніковіча, які дзеля выпраўлення сітуацыі атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі карт-бланш. Але ці прынясе плён гэткае перакідванне адказнасці з адной галавы на іншую?
{movie}Эканоміка катаклізмаў (05.01.2014) |right|14660{/movie}
Аб’ём прамысловай вытворчасці ды экспарт падаюць, а за імі зніжаецца прыбытак. Затое вонкавая пазыка і колькасць стратных прадпрыемстваў растуць. Кіраўнік дзяржавы папярэджвае пра недапушчэнне катаклізмаў і патрабуе эканамічнага эфекту. Ад… чыноўнікаў.

Але ці гэтага дастаткова, каб развязаць галоўную на сёння праблему беларускай прамысловасці – распрадаць складскія запасы, якія цяпер сягаюць больш як 70 % ад месячнага аб’ёму вытворчасці?

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Нашая эканоміка стабільна залежыць ад Расеі, а расейцы даскакаліся да таго, што ў іх рубель пачаў падаць, зваліўся амаль на 8 % за месяц. Калі ён стаў падаць, то нашая канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку панізілася. Яна паніжаецца, а складскія запасы растуць”.

Адсюль і ўсё больш заўважнае хваляванне ў вярхах, адсюль і штоквартальныя нарады з аднымі й тымі ж нараканнямі, адсюль і мадэрнізацыя толькі на словах.

ПЁТР ПРАКАПОВІЧ, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР БЕЛАРУСІ: “У нас няма аніводнага машынабудаўнічага прадпрыемства, якое было б канкурэнтаздольным з сусветнымі лідарамі. Для таго, каб МАЗ і Трактарны завод былі канкурэнтаздольныя, трэба яшчэ ўкласці мільярды і сотні мільёнаў”.

Перспектыва наступных катаклізмаў сапраўды не такая далёкая. Прычыны ж – відавочныя.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Маральнае састарэнне беларускіх прадпрыемстваў і адсутнасць сучаснага менеджменту, і ўмення, і гатовасці гандляваць на сучасным узроўні, а па-другое – дбаць пра нашую эканоміку”.

І гэткае стаўленне да справы кіраўнікоў на прадпрыемствах і чыноўнікаў ва ўрадавых кабінетах адбіваецца на якасці тавараў, колькасць скаргаў на якія з-за мяжы за апошнія паўгода вырасла амаль на чвэрць. Што прызнае нават урад.

У выніку менавіта змагару за якасць Міхаілу Мясніковічу кіраўнік краіны і даручыў развязаць праблемы айчыннай прамысловасці. На гэта прэм’ер атрымаў ад яго карт-бланш, то бок неабмежаваныя паўнамоцтвы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ: “Я вам даю поўныя правы для таго, каб гэтую сітуацыю змяніць. Аж да кадраў. Рабіце ўсё, што лічыце патрэбным, каб потым мне не сказалі, што ў вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў”.

На думку ж экспертаў, ніякіх надзвычайных паўнамоцтваў Мясніковіч не атрымаў, бо абвесціць банкрутам прадпрыемства, якое працуе толькі на склад, яму ніхто не дазволіць, не дазволяць і распачаць прыватызацыю. Але адказваць цяпер давядзецца менавіта яму.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ: “Калі ён не зробіць нічога з гэтаю праблемаю, то хто будзе вінаваты? Я табе даў паўнамоцтвы, а ты не справіўся. Вось простая аўтарытарная логіка”.

І ўжыць яе кіраўнік дзяржавы зможа ўжо на пачатку красавіка, калі прыме ўрад са справаздачаю пра зробленае.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Больш на гэтую ж тэму у размове з эканамістам Леанідам Заікай.

{movie}”Гарачы каментар”: праблемы нацыянальнай прамысловасці і неабмежаваныя паўнамоцтвы Мясніковіча |right|14661{/movie}

Стужка навінаў