Хутка на пенсію змогуць разлічваць толькі тыя, хто адпрацаваў мінімум 15 гадоў


Нядаўна мінімальны стаж для атрымання пенсіі ў Беларусі падвысілі з 5 да 10 гадоў. Але гэтым справа не скончыцца, гаворыць госць «Размовы Мацкевіча».

{movie}Аляксандр Ярашук у “Размове Мацкевіча”|right|14644{/movie}

Паводле кіраўніка Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўжо заявіла, што мінімальны працоўны стаж для права на пенсію будзе расці і далей. «Апошняя навіна – да 15 гадоў», – удакладняе Аляксандр Ярашук, які быў госцем «Размовы Мацкевіча».

Суразмоўца дадае, што гэтая захада робіцца дзеля таго, каб людзі не з’язджалі ў пошуках працы за мяжу. Сёння 400 тыс. беларусаў афіцыйна працуюць у Расеі, удакладняе Аляксандр Ярашук. Беларускім працоўным мігрантам, як вядома, стаж на радзіме не ўлічваецца.

Улады спасылаюцца на практыку еўрапейскіх дзяржаваў, дзе мінімальная планка падымаецца нават да 30 гадоў. «Нельга пераносіць досвед цывілізаваных краінаў, дзе добра працуе эканоміка, на нашую глебу. Нашая эканамічная сістэма не дала шанцу многім рэалізаваць сябе», – упэўнены Аляксандр Ярашук. Перш чым пераходзіць да такіх захадаў Беларусі патрэбная эканамічная лібералізацыя, лічыць ён.

Госць праграмы ўзгадвае пра тое, што на мяжы 1990-ых і 2000-ых Міністэрства працы прапаноўвала пенсійную рэформу, якую адхіліў урад. Паводле Аляксандра Ярашука, з прычыны таго, што людзі зразумелі б, што насамрэч яны зарабілі на значна большую пенсію, чымся атрымліваюць цяпер. А гэта замінала б прапагандзе, паводле якой яны мусяць за пенсію дзякаваць прэзідэнту.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў