Еўрадэпутат Качмарэк палітвязню Васьковічу: Мы з табою!


Філіп Качмарэк (Filip Kaczmarek), польскі дэпутат Еўрапейскага парламенту, адправіў ліст падтрымання палітвязню Яўгену Васьковічу і зварот да беларускага Чырвонага крыжа з просьбаю расследаваць сітуацыю, у якой аказаўся вязень.

Цягам 15 месяцаў, што Яўген Васьковіч сядзіць за кратамі, фактычна 8 ён правёў у карцары. «Як вядома, перабыванне ў карцары нават некалькі дзён – вельмі небяспечнае для жыцця чалавека і можа прывесці да трагічных наступстваў. Маю падазрэнне, што шматмесячнае перабыванне Яўгена ў карцары – катаванне з мэтаю прымусіць падпісаць прашэнне аб памілаванні», – гаворыцца ў лісце да Чырвонага крыжа. Еўрадэпутат просіць правесці расследаванне сітуацыі.

«Я схіляю галаву перад тваёй цвёрдасцю і нязломнасцю ў барацьбе за свае ідэалы. Хачу, каб ты ведаў, што я і ўсе людзі добрай волі ў Еўропе змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі», – напісаў Філіп Качмарэк у лісце да палітвязня.

«Трымайся і не адмаўляйся ад сваіх ідэалаў, мы з табою! Жыве Беларусь!» – піша напрыканцы дэпутат, які займае пасаду кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах стасункаў з Беларуссю.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў