Калі пенсія – не «заслужаны пакой», а час для асабістага росту


Вывучэнне замежных моваў, акторскае майстэрства, ёга, кампутар, вывучэнне ўласнага радаводу – гэта нават няпоўны спіс таго, чым займаюцца гарадзенскія пенсіянеры ва «Універсітэце залатога веку». Рэпарцёры праграмы «Без межаў» даследавалі феномен нефармальнай адукацыі для актыўных людзей сталага веку.

{movie}Калі пенсія – не «заслужаны пакой», а час для асабістага росту|right|14641{/movie}

«Універсітэт залатога веку» створаны ў Горадні ў 2010 годзе пры грамадскім аб’яднанні «Цэнтр «Трэці сектар». Усё пачыналася пяць гадоў таму з 40 слухачоў і 6 гурткоў, а цяпер універсітэт вырас амаль да 200 навучэнцаў, якія наведваюць больш за 20 тэматычных секцыяў.

«Калі я пайшла на пенсію, то патрэба новых ведаў, зносінаў узмацнілася. Калі даведалася пра «Універсітэт залатога веку», вельмі ўсцешылася, што ёсць такія магчымасці. Калі працавала, таксама былі такія патрэбы, але бракавала часу», – гаворыць удзельніца курсаў Вера Кузовіна.

Скарыстаўшы досвед польскага Вроцлава, гарадзенскі «Універсітэт залатога веку» актыўна працуе і ў транспамежнай прасторы. Шчыльныя кантакты ўсталяваліся з падобнымі арганізацыямі ў літоўскім Марыямпалі, польскім Бельску Падляскім і ўкраінскім Львове.

«Гэта найперш – абмен вучэбнымі візітамі. Ужо двойчы мы прыязджалі ва Вроцлаў, дзе нам паказвалі, як працуе сістэма самакіравання, як выглядае праца розных секцыяў, якім чынам яны дамагліся таго, што людзі прыходзяць не толькі спажыўцы з патрэбаю «дай», але і як людзі, што гатовыя самі штосьці даваць, быць карыснымі», – гаворыць старшыня ГА «Цэнтр «Трэці сектар» Вітаўт Руднік.

Не забываюць ва «Універсітэце залатога веку» і пра нацыянальныя традыцыі: тут паспяхова працуюць секцыі беларускай мовы і культуры роднага краю, вывучаюць гісторыю Горадні. А на беларускіх вячорках зацікаўленыя маюць магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнымі рамёствамі, фальклорам, традыцыйнымі святочнымі абрадамі ды стаць іх непасрэднымі ўдзельнікамі. «Нам гэта важна, бо гэта нашая зямля, мы тут жывем і мы хацелі б, каб людзі, у тым ліку і сталага веку, якія дастаткова шмат пражылі, але праз розныя прычыны не сутыкаліся з беларускасцю так блізка. Мы хочам, каб беларускасць стала не тое што бліжэйшая – мы хочам, каб яна стала роднаю, нашаю», – гаворыць Лана Руднік, кіраўніца праграмы «Універсітэт залатога веку».

Глядзіце больш у праграме «Без межаў»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў