Ці спыніцца “Дождь”? Расейскі незалежны тэлеканал гатовы працаваць бясплатна


Кіраўніцтва “Дождя” прапаноўвае аператарам не плаціць за яго рэтрансляцыю, але за гэта пакінуць канал у кабельных сетках. Прапанова выгадная. Але ці толькі эканамічнымі чыннікамі кіраваліся тэлеаператары, калі спынілі супрацу з “Дождём”?

Ці чакае нашую ўсходнюю суседку засуха? Інфармацыйная можа надысці ўжо неўзабаве. Не толькі існаванне тэлеканалу “Дождь”, але і ўвогуле незалежнага тэлебачання ў Расеі – пад пытаннем. Яно прагучала яшчэ мацней у сувязі з выдаленнем “Дождя” з кабельных сетак. Апошняю ж кропляю стала чаканае ў наступны панядзелак адключэнне тэлеканалу ад эфіру найбуйнейшым аператарам “Триколор ТВ”, праз які “Дождь” глядзіць амаль 80 % яго аўдыторыі.

{movie} Ці быць «Дождю»? (04.02.2014) |right|14640{/movie}

НАТАЛЛЯ СІНДЗЕЕВА, ГЕНДЫРЭКТАРКА ТЭЛЕКАНАЛУ «ДОЖДЬ»:

“Фактычна, гэта гібель тэлеканалу, бо ён не можа існаваць на рэкламныя бюджэты, якія, натуральна, не прыйдуць да нас, калі ў нас няма дастатковай аўдыторыі. З пункту гледжання бізнесу, гэта, фактычна, шлях да прамога закрыцця”.

“Дождь” – галоўная альтэрнатыва федэральным расейскім тэлеканалам і крыніца незалежнай інфармацыі для некалькіх дзясяткаў мільёнаў гледачоў. Шмат увагі ў эфіры тут надаюць тэме карупцыі ва ўладзе, па-іншаму, у адрозненне ад дзяржаўных медыяў, асвятляюць падзеі, у тым ліку пратэсты ва Украіне.

Скандал жа вакол “Дождя” распачаўся з апытання пра блакаду Ленінграду. Журналісты пацікавіліся: ці не было б лепей здаць горад немцам і тым самым уратаваць сотні тысячаў ад галоднай смерці? Тэма – амаль табу, пытанне балючае… Але наўрад ці выкліканае ім абурэнне спрычынілася да пастановы тэлеаператараў, мяркуюць прадстаўнікі каналу.

АЛЯКСАНДР ВІНАКУРАЎ, ІНВЕСТАР ТЭЛЕКАНАЛУ «ДОЖДЬ»:

“Мы разумеем, наколькі выгадна аператарам мець такія каналы, як “Дождь”, у сваім пакеце. Мы абсалютна ўпэўненыя, што аператары гэтак пастанавілі пад ціскам. Хто аказаў гэты ціск, безумоўна, дакладных звестак мы не маем, не можам назваць ні прозвішчаў гэтых людзей, ні растлумачыць дакладнай прычыны”.

Аднак зачыняць канал кіраўніцтва не плануе, працаваць будуць у старым рэжыме і складзе. Зменяць камерцыйную і тэхналагічную палітыку. Каб зарабляць больш на рэкламе і вярнуць хаця б частку гледачоў.

НАТАЛЛЯ СІНДЗЕЕВА, ГЕНДЫРЭКТАРКА ТЭЛЕКАНАЛУ «ДОЖДЬ»:

“Літаральна праз 2–3 тыдні мы выйдзем на трох платформах “Смарт-ТВ”. Гэта таксама даволі вялікая аўдыторыя. Мы цяпер вядзем перамовы з усімі “скрыначнікамі”, такімі, як “Эпл-ТВ”, “Дюна”. Гэта таксама просты спосаб дасягнуць, усталяваўшы туды нашае далучэнне. Мы ў любым выпадку планавалі гэта зрабіць, проста цяпер робім гэта больш хутка”.

І, апрача таго, не губляюць спадзеву вярнуць сваё месца ў пакетах кабельных аператараў. У гэтай сувязі кіраўніцтва “Дождя” прапаноўвае ім да канца года карыстацца сігналам каналу бясплатна.

Але ці азначае гэта, што “Дождь” зноў пойдзе па ўсёй Расеі? І якімі ў такім выпадку сродкамі дзяржава скарыстаецца ў якасці парасона?

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў