Украіна: Прэзідэнт маўчыць, а што кажа вуліца?


Доўгачаканага пералому ва ўкраінскай палітычнай сітуацыі не адбылося. Вярхоўная Рада не здолела сёння вырашыць, ці будзе яна прымаць рашэнне аб вяртанні Канстытуцыі да варыянту 2004-га года. Наступнае паседжанне заўтра, а пакуль што адбываюцца перамовы кіраўнікоў фракцыяў.

На першы погляд, на Майдане і вуліцы Грушэўскага людзей не так і шмат. Але большасць пратэстоўцаў проста схавалася ў цяпло. Майдан не збіраецца адступаць да поўнай змены ўлады, бо упэўнены, што кіраўніцтва краіны парушыла занадта шмат правоў народу.

{movie} Калі маўчыць прэзідэнт — кажа вуліца (04.02.2014) |right|14639{/movie}

УДЗЕЛЬНІК МАЙДАНУ:

“Перастаноўка міністраў нічога не дасць. Тут трэба, каб прэзідэнт, урад і Вярхоўная Рада сыходзілі ў адстаўку”.

Тым часам на мітынгах Партыі рэгіёнаў агітуюць за стабільнасць і моцнага лідара.

УДЗЕЛЬНІКІ АНТЫМАЙДАНУ:

“Я сёння прыйшоў падтрымаць Партыю рэгіёнаў і ў прыватнасці Віктара Фёдаравіча, нашага прэзідэнта”.

“Мы, жыхары Украіны, большасцю галасоў выбіралі яго. Ён легітымны прэзідэнт, і мы давяраем яму развязанне любых пытанняў”.

Ці можна давяраць усё прэзідэнту, сёння вырашалі для сябе і дэпутаты Партыі рэгіёнаў. Працяг сілавога супрацьстаяння пачаў пагражаць еўрапейскаму бізнесу як спонсараў “рэгіяналаў”, гэтак і саміх дэпутатаў. Сітуацыю падагрэла і заява дэпутаткі Еўрапарламенту Рэбэкі Гармс аб тым, што экс-прэм’ер Азараў, часовы прэм’ер Арбузаў і кіраўнік адміністрацыя Клюеў маюць аўстрыйскія пашпарты і могуць свабодна ездзіць у Еўропу, хоць і адказваюць за тэрор на ўкраінскіх вуліцах, а раней перакрылі шлях у Еўразвяз сваім суграмадзянам. Чыноўнікі ўсё адмаўляюць, але дэпутаты просяць міру.

АЛЯКСАНДР ЯФРЭМАЎ, СТАРШЫНЯ ФРАКЦЫІ «ПАРТЫЯ РЭГІЁНАЎ»:

“Калі замаўчалі палітыкі – пачала размаўляць вуліца. Гэта адназначна аддзяляе Украіну ад асноўных прынцыпаў еўрапейскай дэмакратыі, сее хаос і супрацьстаянне ў грамадстве”.

Прадстаўнік Віктара Януковіча не ўзгадаў, што сённяшні Майдан пачаўся якраз з сілавога разгону мірнага пратэсту за еўрапейскую дэмакратыю. Аднак перадаў словы прэзідэнта пра тое, што ва ўлады ёсць усе магчымасці вызваліць Майдан і дзяржаўныя ўстановы сілавым метадам, проста Януковіч не хоча гэтага.

АЛЯКСАНДР ЯФРЭМАЎ, СТАРШЫНЯ ФРАКЦЫІ «ПАРТЫЯ РЭГІЁНАЎ»:

“Прапаноўваю ўсім забыць крыўды, не думаць пра перамогі і паразы, свае кар’еры, а агульнымі высілкамі выпрацаваць стратэгію выхаду з гэтай сітуацыі”.

У палітычным крызісе вінаватая самая ўлада, адказаў “рэгіяналам” апазіцыйны лідар Віталь Клічко. І прапанаваў ім выйсці з-пад уплыву прэзідэнта.

ВІТАЛЬ КЛІЧКО, ЛІДАР ПАРТЫІ «УДАР»:

“Мы павінныя ісці цывілізаваным шляхам. Супыняем дыктатуру, вяртаемся да Канстытуцыі, якая робіць дэпутатаў суб’ектамі прыняцця рашэнняў, а не кнопкадавамі”.

У перапынку між паседжаннямі Клічко хадзіў на перамовы да Януковіча. Аднак той мяркуе, што на канстытуцыйную рэформу трэба яшчэ паўгода. Лідара партыі “УДАР” словы Януковіча не збілі з пазіцыяў, і зацягваць палітычны бой ён не збіраецца.

ВІТАЛЬ КЛІЧКО, ЛІДАР ПАРТЫІ «УДАР»:

“Вышэйшы заканадаўчы орган Вярхоўная Рада мусіць пастанавіць большасцю, і прыняць акт вяртання да Канстытуцыі 2004 года. Гэта можна зрабіць вельмі хутка”.

Але толькі калі Партыя рэгіёнаў здольная на самастойныя дзеянні, і не будзе слухацца прэзідэнта ўва ўсім.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў