Кроў чарапах дапамагла выжыць мексіканцу, які больш за год дрэйфаваў у акіяне


Мексіканскі рыбак, які больш за год праплаваў у Ціхім акіяне, распавёў, што піў чарапашую кроў, дажджавую ваду і мачу, каб не памерці.

Мужчына расказаў брытанскай газеце «The Daily Telegraph», што падчас свайго 13-месячнага падарожжа, каб не памерці з голаду, лавіў голымі рукамі рыбу і птушак.

«Я страціў адчуванне часу і мог вызначаць толькі дзень і ноч. Я ні разу не бачыў зямлі, толькі акіян», – сказаў уратаваны 37-гадовы Хасэ Сальвадор Альварэнга (José Salvador Alvarenga).

Як распавёў мексіканец, ён адправіўся на аднадзённую рыбалку з порту ў Мексіцы 21 снежня 2012 года. На сяміметровым чоўне яго суправаджаў 15-гадовы марак Эзэкіль.



Зламаўся матор, і плынь адносіла човен усё далей ад мексіканскага берагу. Паводле рыбака, калі праз чатыры месяцы Эзэкіль памёр ад знясілення, ён хацеў накласці на сябе рукі, але не змог гэтага зрабіць.

Праз 13 месяцаў спадар Альварэнга ўпершыню ўбачыў зямлю. Праз некаторы час ён даплыў да вёскі на Маршалавых астравах, дзе пра яго паклапаціліся медыкі ды мясцовыя ўлады. За 13 месяцаў мужчына праплыў на чоўне 12,5 тыс. км.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў