Пяць фактаў пра Сочы, якіх вы маглі не ведаць


Праз некалькі дзён – 7 лютага – у расейскім курортным горадзе Сочы стартуюць XXII зімовыя Алімпійскія гульні. Якую славу мае гэты горад і чым вядомы?

1. Алімпійскія гульні пройдуць не ў самым Сочы
Усе спаборніцтвы на Алімпійскіх гульнях пройдуць не ў самым Сочы, а ў яго двух горных прыгарадах: Адлеры і Краснай Паляне. Сочы са сваймі прадмесцямі распасціраецца на 145 км уздоўж узбярэжжа Чорнага мора і лічыцца самым доўгім горадам Еўропы. Алімпійскія спаборніцтвы адбудуцца непадалёк Абхазіі – самаабвешчанай грузінскай рэспублікі, незалежнасць якой прызнала Расея пасля вайны з Грузіяй у 2008 годзе.

2. Сочы – прытулак для савецкіх і расейскіх геяў
Сочы – найбуйнейшы курорт у Расеі, які ў савецкія часы стаў домам шмат каго з савецкіх геяў. Гомасексуалізм быў злачынствам у СССР, і людзі прыязджалі ў Сочы з яго курортнай атмасфераю, каб заставацца далей ад блізкіх і сяброў ды заводзіць новыя знаёмствы. Сочы да гэтага часу застаецца адносна бяспечным прытулкам расейскіх геяў, якія не хочуць выязджаць за мяжу. У Сочы ёсць два клубы для прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, нягледзячы на ціск на прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці з боку расейскіх уладаў.

3. Сочы выхавала двух тэнісістаў-чэмпіёнаў
Хоць Сочы стане на некалькі тыдняў сталіцаю зімовых відаў спорту, сярод жыхароў тут папулярныя летнія віды спорту – напрыклад, тэніс. Былыя першыя ракеткі свету Марыя Шарапава і Яўген Кафельнікаў рабілі свае першыя спартовыя крокі менавіта тут. Кафельнікаў нарадзіўся ў Сочы і займаўся тут са сваім трэнерам Валерыем Шышкіным цягам 11 гадоў. Шарапава нарадзілася ў Сібіры, але пераехала ў Сочы 4-гадовай дзяўчынкаю разам з бацькамі. Тут яна і трэнавалася перад пераездам у Флорыду. Ейная бабуля працягвае жыць у Сочы, а Марыя на Алімпіядзе будзе тэлевядоўцаю.

4. Сочынскі бабслеіст-рэстлер
Толькі адзін спартовец з Сочы выступіць у родным горадзе – гэта бабслеіст Аляксей Ваявода. Ён таксама прафесійны рэстлер з цэлым шэрагам тытулаў, то бок бярэ ўдзел у адмысловых пастановачных дзеяннях, якія спалучаюць атлетычныя навыкі, баявое мастацтва і тэатральнае майстэрства. Спартовец – чэмпіён свету 2011 года ў бабслеі, у яго таксама «срэбра» Алімпіяды ў Турыне (2006 год) і «бронза» з Ванкувэру (2010 год). У Сочы ён паўдзельнічае ў спаборніцтвах бабслеістаў на санках-чацвёрках і санках-двойках.

5. У Сочы праходзіць найбуйнейшы ў Расеі кінафестываль
У Сочы ўжо цягам двух дзесяцігоддзяў праходзіць «Кінатаўр». Гэта самы буйны кінафестываль Расеі, а ягоная штаб-кватэра месціцца ў легендарным гатэлі «Жамчужына». У пастаўленым у 1973 годзе будынку спыняюцца падчас гастроляў расейскія і замежныя зоркі шоу-бізнесу. Некаторыя пакоі гатэлю да гэтага часу аформленыя ў савецкім стылі. Падчас кінафестывалю ў ваколіцах ходзяць цэлыя натоўпы папарацы, якія шукаюць магчымасць сфатаграфаваць зорак на пляжы.

МЯ, паводле bbc.co.uk, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары