Музычнаму Менску падрэзалі «Крылы»


Менск развітаўся з «Крыламі». Атмасферны рок-бар зачыніўся. Што сталася нагодаю для таго, каб беларускай музыцы падрэзалі крылы? І чаму для музыкаў, што граюць у акустыцы, страта чарговага клубу настолькі балючая?

Шансон для масаў, а літаральна праз сцяну – музыка для абраных. Такое спалучэнне магчымае толькі ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу. У вялікай зале – чарговы фанаграмны канцэрт, а ў клубе, што месціцца ў гэтым жа будынку, – жывая музыка. Але такому суседству прыйшоў канец.

{movie}Агляд падзеяў культуры (04.02.2014)|right|14627{/movie}

Гэтая вечарына – апошняя ў гісторыі рок-бару «Крылы». Месца, дзе зрэалізавалі нямала цікавых творчых праектаў. У гэты вечар чорныя балонікі былі дарэчы. Слухачы ды музыкі развітваліся з пляцоўкаю, якую палюбілі.

Арт-дырэктарка рок-бару Вера Сяўкоўская тлумачыць: «Кіраўніцтва Дому культуры не працягнула нам дамовы арэнды, і мы вымушаныя адсюль з’ехаць… Можа быць, гэта не вельмі камфортнае для ДК суседства. Ёсць кантынгент людзей, якія тут ходзяць, адпачываюць таксама. Гэта людзі пенсійнага веку. Яшчэ нейкія мерапрыемствы, што тычацца Дому культуры. Можа быць, мы сваймі мерапрыемствамі рознага фармату прыносілі некаторыя нязручнасці».

Тут выступалі Кася Камоцкая і Аляксандр Памідораў, «N.R.M.» і Алег Хаменка, «Голая манашка» і Тацяна Беланогая. Шмат хто менавіта ў «Крылах» упершыню выйшаў на публіку. Музыкі цэняць гэтае месца найперш за атмасферу.

Музыка Юрась Ускоў падзяліўся ўласным незадавальненнем: «Гэта быў адзін з нешматлікіх невялікіх клубаў у Беларусі, дзе можна было граць акустыку і граць з вялікім задавальненнем. Гэта было адным з такіх месцаў – не «Re:Public» і не «Графіці», якое мела сваю атмасферу, сваю аўдыторыю».

Ідэі рок-бару ўладальнікі «Крылаў» не кідаюць і шукаюць цяпер новае месца для свайго праекту.

Іншыя тэмы: Сябры пінскага біёлага і краязнаўцы Аляксея Дуброўскага выканалі апошні запавет навукоўца – выдалі ягоную кнігу пра палескія зёлкі. Каця Пытлева і Дзіта Дзяжынская прывезлі музычна-паэтычны праект «Успышкі» на гомельскі кватэрнік. Менскі гурт «Pure Camomile Jam» паказаў свой «азвярэлы» кліп.

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў