Старая Канстытуцыя, датэрміновыя выбары ці агнямёты?


Вярхоўная Рада Украіны спрабуе прыняць рашэнні, якія маглі б прыпыніць эскалацыю палітычнага канфлікту. А Міністэрства ўнутраных справаў Украіны прапаноўвае ўзброіць міліцыянтаў агнямётамі.



Паводле народнага дэпутата, былога чальца фракцыі Партыі рэгіёнаў у Вярхоўнай Радзе, а цяпер пазафракцыйнага народнага дэпутата Давіда Жваніі, у парламенце ёсць большасць (226 галасоў), гатовая прагаласаваць за вяртанне старой канстытуцыі, а значыць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі.

Згодна з Канстытуцыяй 2004 г. кіраўнік ураду становіцца больш уплывоваю фігурай у палітычнай сістэме краіны, а фармаванне кабінету міністраў ажыццяўляе не прэзідэнт, а «кааліцыя дэпутацкіх фракцыяў». Акрамя вяртання Канстытуцыі дэпутаты разглядаюць магчымасць правядзення пазачарговых парламенцкіх выбараў.

У развязанні ўкраінскага палітычнага канфлікту возьме ўдзел і вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Сёння яна прыбыла ў Кіеў з двухдзённым візітам.

Нагадаем, што акцыя пратэсту, якая спачатку называлася Еўрамайдан і мела мірны характар, пачалася ў Кіеве пасля адмовы ўладаў Украіны падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ. Пратэст перакінуўся на ўсю краіну і доўжыцца ўжо больш за два месяцы. Да 22 студзеня асноўныя пратэставыя падзеі адбываліся ў сталіцы. У гэты дзень сітуацыя ў цэнтры гораду была асабліва напружаная: сутыкненні з сілавікамі прывялі да ахвяраў, сярод іх адзін беларус.

На працягу апошняга тыдня пратэсты перамясціліся ў рэгіёны. Імі былі ахопленыя не толькі заходнія вобласці, якія традыцыйна лічацца праапазіцыйнымі, але і цэнтр, усход краіны. Пасля чаго ўлады пайшлі на саступкі, і прэм’ер-міністр Украіны Мікалай Азараў падаў у адстаўку.



Па выніках сённяшняга паседжання, дэпутаты не прыйшлі да згоды, але выявілі, што былы прэм’ер – грамадзянін Аўстрыі.



Тым часам Міністэрства ўнутраных справаў Украіны прапанавала дазволіць міліцыі выкарыстоўваць для аховы грамадскага парадку рэактыўныя агнямёты «Шмель» і «Шмель-М». Пра гэта паведаміла 31 студзеня «Зеркало недели» са спасылкаю на праект пастановы ўкраінскага ўраду.

Агнямёт «Шмель»

800px-RPO-A_missile_and_launcher

ЮВ паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў