Студэнта затрымалі ў Кіеве ў дзень яго прыезду з Роўна. Яму пагражае да 15 гадоў турмы


5 загінулых, прыкладна 1500 параненых і на гэтую хвіліну 36 зніклых без вестак. Такі баланс супрацьстаяння пратэстоўцаў і ўладаў падвялі праваабаронцы. Кіраўнік жа краіны, якога мітынгоўцы заклікаюць выбраць паміж кепскім і найгоршым для сябе, падобна, узяў паўзу. Віктар Януковіч не абвяшчае датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, як і не аддае загаду аб сілавым разгоне Майдану. Часовае замірэнне ў Кіеве можа абарвацца ў любы момант.

Звычайны спальны мікрараён у Кіеве. Пакуль у цэнтры замірэнне, супрацьстаянне змясцілася на ўскраіны сталіцы. За час пратэстаў тут спалілі каля сотні аўтамабіляў. Траціна з іх – гэта аўтамабілі актывістаў Аўтамайдану. Лідара ініцыятывы Дзмітрыя Булатава перавезлі на лячэнне ў Літву, ягоныя паплечнікі перакананыя, што ва Украіне яму дагэтуль пагражае небяспека.

{movie}Жорсткае супрацьстаянне|right|14621{/movie}

АГНЕ ІГНАТАВІЧЫЕНЕ, ПРЭС-САКРАТАР ШПІТАЛЮ, ВІЛЬНЯ:

“Дзмітрый Булатаў прасіў перадаць, што нягледзячы на тое, што яго амаль знішчылі фізічна, ягоны дух няскораны: як толькі ён акрыяе, то працягне свой шлях, працу, якую ён пачаў, і будзе надалей змагацца за дэмакратыю ва Украіне”.

Катаванні Булатава сталі міжнароднаю навіною, таму і рэакцыя была гучная. Большасць жа ахвяраў гвалту працягваюць лекавацца дома.

Пасля сутычак у цэнтры Кіева дзясяткі пацярпелых прывезлі сюды, у Аляксандаўскую лякарню. І адсюль жа невядомыя выкралі аднаго з актывістаў Еўрамайдану Юрыя Вярбіцкага. Пазней ён быў знойдзены мёртвым. Мы ідзем да Максіма Савіча, якога цяпер вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах. Максіму 19 гадоў, ён студэнт Ровенскага ўніверсітэту. У часе сутычак у Кіеве ён ледзь не згубіў зрок, атрымаў міліцэйскаю дубінкаю проста ў вока.

МАКСІМ САВІЧ, СТУДЭНТ:

“Мяне і маіх сяброў схапілі ды нічога не тлумачылі, адразу пачалі ўжываць фізічную сілу. Хто хацеў, той біў, там было шмат працаўнікоў “Беркута”, вінавацілі нас у тым, што мы падпальваем іхных салдатаў”.

У першы ж дзень, калі ён прыехаў у Кіеў, яго затрымалі на скрыжаванні вуліцаў Інстытуцкай і Шаўкавічнай. Цяпер яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў на Грушэўскага, хоць ён туды нават не паспеў дайсці. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў.

АЛЕНА САВІЧ, МАЦІ М. САВІЧА:

“Спадзяемся на амністыю. Бо прычына, прычына… Дзеці хочуць жыць лепш, усе людзі хочуць жыць лепш, так жа немагчыма жыць, з такімі законамі ды з такою ўладаю, з бяспраўем”.

Апроч маці Максіма побач з палатаю нясуць вахту валанцёры Еўрамайдану. Кажуць, ахоўваюць ад міліцыі, і гэта ўжо звыклая сітуацыя для Кіева.

ЮРЫЙ КВІТКА, ВАЛАНЦЁР ЕЎРАМАЙДАНУ:

“З гэтага шпіталю спачатку выкралі двух хлопцаў, аднаго потым знайшлі мёртвым, а іншага пабітым, а потым выкрадалі яшчэ чалавек дзесяць да таго часу, пакуль мы не сталі абараняць. Хоць нават і раней, калі хлопцаў ахоўвалі, прыязджалі міліцыянты і “Беркут”, білі і забіралі ў райаддзелы. Калі так станецца, мы будзем прынамсі ведаць калі забяруць Максіма”.

Такіх гісторыяў, як у Максіма, у Кіеве сотні, калі не тысячы. У следчых ізалятарах трымаюць 116 актывістаў Еўрамайдану. Месцазнаходжанне некалькіх дзясяткаў актывістаў невядомае. За час пратэстаў на гарачую лінію “Еўрамайдан СОС” звярнуліся больш за 20 000 чалавек.

НАЗАРЫЙ БАЯРСКІ, ВАЛАНЦЁР ГРУПЫ «ЄВРОМАЙДАН SOS»:

“Есць пікавыя дні, калі ёсць сутыкненні, масавыя затрыманні, – у нас кардынальна мяняецца праца, з такога рэжыму 24-гадзіннага дазору, калі гэта робяць адзін-два чалавекі, у нас толькі на званках гарачай лініі працуюць 20 чалавек”.

Цяпер у Кіеве ідзе адваротны адлік. Галасамі прапрэзідэнцкай большасці Вярхоўная Рада абавязала пратэстоўцаў цягам двух тыдняў вызваліць адміністрацыйныя будынкі. Калі яны гэтага не зробяць, абвешчаная амністыя страціць моц, і ўлады атрымаюць падставу афіцыйна ўжываць сілу. МУС Украіны ўжо звярнулася з просьбаю да кабінету міністраў дазволіць ужываць агнямёты для аховы грамадскага парадку.

Аркадзь Несцярэнка, Алесь Баразенка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў