Як у Рэчыцы прэтэндэнты на дэпутацтва хадзілі ў народ


Выбарчая кампанія ідзе поўнаю хадою. Буйны пікет прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці на рынку ў Рэчыцы прыцягнуў не малую ўвагу жыхароў гораду. Аднак размова прэтэндэнтаў на дэпутацтва з патэнцыйнымі выбарцамі аказалася не з лёгкіх. Значная частка наведнікаў пікету папросту не бачыць сэнсу ў выбарчай барацьбе.

Гарадскі рынак у Рэчыцы на некалькі гадзінаў ператварыўся ў буйны перадвыбарчы пікет. 12 пакуль яшчэ прэтэндэнтаў на дэпутацтва падчас збору подпісаў вырашылі адкрыта паразмаўляць з патэнцыйнымі выбарцамі.

{movie}Пайшлі ў народ|right|14620{/movie}

АЛЕНА ЛІНКЕВІЧ, ПРЭТЭНДЭНТКА НА ДЭПУТАЦТВА:

“Усе праблемы гэтага гораду я ведаю з дзяцінства. Іду па асфальце – бачу дзіры, і мне сэрца баліць за маю радзіму”.



ПЁТР МАХОНЬКА, ПРЭТЭНДЭНТ НА ДЭПУТАЦТВА:

“Я хадзіў па дамах і бачыў, як жывуць людзі. Трэба нешта вырашаць і рабіць”.



Агулам у Рэчыцкі райсавет вылучаюцца ажно 39 кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Сярод іх прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду!”, Партыі БНФ, а таксама Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

АЛЕГ ШАБЕТНІК, ПРЭТЭНДЭНТ НА ДЭПУТАЦТВА:

“Людзі вырашылі нешта змяніць у сваім жыцці, нешта палепшыць. Паглядзець, куды ідуць бюджэтныя сродкі”.



ЯЎГЕН ЖУКАЎ, ПРЭТЭНДЭНТ НА ДЭПУТАЦТВА:

“Дэпутат мусіць весці за сабою масы і ведаць, што хочуць людзі, каб людзям лепш жылося”.



І менавіта таму акрамя апрацоўвання выбарчых праграмаў і спісаў абяцанняў перад патэнцыйнымі кандыдатамі цяпер самая нялёгкая задача.

АЛЕГ БАЗЫЛЕЎ, ПРЭТЭНДЭНТ НА ДЭПУТАЦТВА:

“Нашыя выбарцы, народ і, што немалаважна, улады мусяць зразумець, што мы не ворагі. Мы нармальныя людзі, якія жадаюць паляпшэння ў краіне”.



Ці магчыма гэта? Пра тое, што лёгка не будзе, кажуць самі наведнікі пікету.

АПЫТАННЕ:

“У нас шмат кажуць, а мала робяць. Таму вось глядзім, за каго тут можна прагаласаваць”.

“Людзі не маюць даверу да ўладаў”.

“Ад гэтага толку ніякага няма. Нікому яны не дапамагаюць”.

“Слаба верыцца, што нехта на такіх, як мы, будзе глядзець і да нечага прыслухоўвацца”.



Ці хопіць часу прэтэндэнтам на дэпутацтва ў мясцовыя саветы пераканаць людзей у адваротным? Да выбарчых скрыняў беларусы прыйдуць ужо ў верасні.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў