Падчас пратэстаў у Кіеве пацярпела 136 журналістаў


Часцей за ўсё на працаўнікоў медыяў нападалі міліцыянты і беркутаўцы, паведамляе Інстытут масавай інфармацыі.

З пачатку масавых пратэстаў ва Украіне падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў пацярпелі 136 журналістаў – такую несуцяшальную статыстыку апублікаваў украінскі Інстытут масавай інфармацыі.

У даследаванні азначаецца, што большасць журналістаў – 80 выпадкаў – пацярпелі за апошнія 2 тыдні (з 19 студзеня да 2 лютага 2014 года).

Больш за ўсё журналістаў пацярпелі ад дручкоў міліцыі ды байцоў «Беркуту» – 54 выпадкі. У лік пацярпелых ад «Беркуту» трапілі і журналісты тэлеканалу «Белсат».

27 журналістаў атрымалі раненні ад выбуху света-шумавых гранат. 21 працаўнік медыяў пацярпеў ад гэтак званых «цітушак» (найміты-правакатары, якія палююць на актывістаў Еўрамайдану і незалежных журналістаў).

Падчас украінскага народнага бунту зафіксавалі 17 раненняў журналістаў ад куляў, якія ляцелі з боку міліцыі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

Таксама было 2 выпадкі, калі беркутаўцы цэлілі журналістам у камеры, аднак тыя паспявалі схавацца, і кулі не дасягалі мэты.

Яшчэ 19 журналістаў пацярпелі ад камянёў і атручвання слёзацечным газам.

31-му журналісту пашкодзілі або цалкам знішчылі тэхніку – відэакамеры, фотаапараты, планшэты.

ЮВ паводле Інстытут масавай інфармацыі

Глядзі таксама
Каментары