Стваральнік «часовага ўраду» уцёк з Украіны


Аляксандр Данілюк, лідар арганізацыі «Спiльна справа», збег у Лондан. Сістэмная апазіцыя назвала яго правакатарам, а ўлада пагражае крымінальнаю справаю аб арганізацыі масавых закалотаў.

Лідар украінскага апазіцыйнага руху «Спiльна справа» («Агульная справа» – арганізацыя, якую Штаб нацыянальнага супраціву лічыць правакатарамі). Пра свае ўцёкі з Украіны Аляксандр Данілюк напісаў у «Facebook’у». Свой ад’езд ён патлумачыў пагрозаю быць арыштаваным, а таксама інтрыгамі «контррэвалюцыянераў». Непрызнаны ўкраінскаю апазіцыяй лідар Майдану Данілюк напісаў у акаўнце, што будзе каардынаваць працу сваёй арганізацыі з-за мяжы.

«Не папярэдзіўшы нават аховы, я пераапрануўся… і пакінуў Крэшчацік, – паведаміў апазіцыянер. – Уначы пешкам перайшоў мяжу. Сёння нарэшце дабраўся да Лондану».

Прадстаўнікі арганізацыі «Спiльна справа» тыдзень таму захапілі некалькі ўрадавых будынкаў у Кіеве. Данілюк пры гэтым сцвярджаў, што ён – «упаўнаважаны ў стварэнні часовага ўраду».

Раней, у канцы студзеня, Данілюк паведаміў, што яго абвесцілі ва ўсеўкраінскі вышук. Гэтая інфармацыя пацвердзілася. На цяперашні момант вядома, што актывіста шукаюць па падазрэнні ў арганізацыі закалотаў.

«Цімашэнка даказала, што сядзець – высакародна, але неэфектыўна, – напісаў актывіст, каментуючы свой ад’езд. – Мы не збіраемся здавацца ў палон».

У канцы студзеня актывісты «Агульнай справы» захапілі будынак Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны. Яны сцвярджалі, што будынак будзе выкарыстоўвацца «для абагрэву людзей». Пры гэтым лідар арганізацыі абвесціў конкурс на пасаду міністра сельскай гаспадаркі, «патлумачыўшы, што «перавага будзе аддавацца фермерам, якія прыедуць у Кіеў на сельскагаспадарчай тэхніцы».

Пазней прыхільнікі Данілюка блакавалі Міністэрства энергетыкі, а следам за гэтым захапілі будынак Міністэрства юстыцыі (зрэшты, неўзабаве вызвалілі яго пасля таго, як кіраўнік ведамства Алена Лукаш паабяцала ўвесці ў сталіцы Украіны надзвычайнае становішчы).

Данілюк пагражаў, што калі патрабаванні апазіцыі не будуць выкананыя, то актывісты «зоймуць усе адміністрацыйныя будынкі і будуць пускаць на працу толькі тых, хто беспасярэдне адказвае за жыццё і здароўе людзей».

Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі вінавацілі лідара «Агульнай справы» і яго паплечнікаў у правакацыях. Асабліва абвастрыліся адносіны паміж актывістамі «Агульнай справы» і іншаю часткаю апазіцыі 29 студзеня, калі еўрамайданаўцы выціснулі актывістаў «Агульнай справы» з будынку Міністэрства аграрнай палітыкі (паводле звестак медыяў, сябры арганізацыі разлічвалі, што ўлада наўзамен вызваліць іх затрыманых прыхільнікаў).

Каментуючы крытыку на свой адрас, Данілюк адзначаў, што «калі мы кідалі кактэйлі … мы былі героямі, а як толькі мы пачалі мірна захопліваць будынкі міністэрстваў – мы ператварыліся ў правакатараў». Ён таксама заяўляў пра існаванне «контррэвалюцыйнай пятай калоны» і папярэджваў, што «пад прыкрыццём… асобных апазіцыянераў» на Майдан праніклі прадстаўнікі ўкраінскіх спецслужбаў.

ЮВ паводле lenta.ru

Стужка навінаў