Хто катаваў 16-гадовую дзяўчыну? Узнагарода Br 250 млн за інфармацыю


Вячаслаў Шэлег з Бабруйску прапаноўвае грашовае ўзнагароджанне любому, хто дапаможа знайсці тых, хто скраў ягоную дачку здзекаваўся з яе. У тым ліку і міліцыі, якая прыпыніла пошукі злачынцаў і абвінаваціла дзяўчыну ў інсцэнаванні выкрадання: «Міліцыянты скардзяцца на малыя заробкі. То няхай возьмуць мае грошы ды пачнуць працаваць».

16-гадовую Наталлю Шэлег выкралі 27 ліпеня мінулага года падчас ранішняй прабежкі. Невядомыя стукнулі дзяўчыну па галаве – гэтак, што яна згубіла прытомнасць, адвезлі ў лес, дзе выпацкалі твар чорнаю фарбаю і кінулі. Апрытомнеўшы, Наталля дабралася дадому, адкуль трапіла ў шпіталь з страсеннем мозгу.

{movie}Наталля Шэлег распавядае пра выкраданне |right|14599{/movie}

З самага пачатку следства міліцыя высунула версію, што гэта было не выкраданне, а яго імітацыя самім Вячаславам Шэлегам, які такім чынам хацеў зрабіць сабе і сям’і нагоду для эміграцыі. Але доказаў гэтага не знайшлі, як і злачынцаў, і ў лістападзе прыпынілі следства. А галоўнай падазронай, паводле спадара Шэлега, сталася самая Наталля.

«У снежні мяне выклікалі і паведамілі, што мяркуюць, бы сама Наталля ўсё гэта зрабіла», – распавёў Вячаслаў Шэлег, які адразу быў пэўны, што за злачынствам стаяць мясцовыя ўлады.

«Я за гэты час абдумаў варыянты таго, што магло тады адбыцца, і прыйшоў да пэўных высноваў, – кажа бацька Наталлі. – Я прывёў міліцыі аргументы, што ўсё гэта зрабіла мясцовая ўлада, і прапанаваў занесці маё меркаванне ў пратакол, але яны адмовіліся. Тады я зразумеў, што гэтыя людзі нічым займацца не будуць. Мне нічога не застаецца, як працягваць пошукі самому».

Агучыць аргументы на карысць датычнасці ўладаў да выкрадання спадар Вячаслаў пакуль не хоча. Цяпер для яго галоўнае – знайсці злачынцаў ці тых, хто дапаможа іх знайсці.

«Я гатовы выдаць грашовае ўзнагароджанне таму, хто дапаможа раскрыць гэтае злачынства, – кажа спадар Шэлег. – Я думаю, што мусіць быць нехта, хто мае, што сказаць, але не сказаў дагэтуль. Ці тыя, хто зрабіў гэта, зразумеюць, што замоўца, магчыма, ім не даплаціў, і за мае грошы дадуць мне інфармацыю».

Бабруйскія газеты спужаліся друкаваць аб’явы пра ўзнагароджанне

Вячаслаў Шэлег распаўсюджвае аб’явы пра грашовае ўзнагароджанне па ўсім Бабруйску – у газетах, у інтэрнэце, робіць улёткі, наклейвае на дамы. Ён хоча, каб інфармацыю пра ўзнагароджанне ўбачылі як мага больш людзей.

У аб’яве спадар Вячаслаў падае два нумары – свой і тэлефон даверу КДБ. Узгадвання КДБ спужаліся рэдактары дзвюх прыватных газетаў Бабруйску – яны адмовіліся друкаваць аб’яву без узгаднення з камітэтам.

Пакуль яны чакаюць гэтага ўзгаднення, сваёй смеласцю здзівіла выканкамаўская газета «Бабруйскае жыццё», якая адразу размясціла аб’яву. Мінула ўжо некалькі дзён з выхаду газеты, але з жаданнем дапамагчы да спадара Вячаслава пакуль ніхто не звярнуўся.

Ахвяра выкрадальнікаў дасюль мае праблемы са здароўем

Злачынці збілі дзяўчыну і аблілі фарбаюЗлачынцы збілі дзяўчыну і аблілі фарбаюАфіцыйна прадстаўнік Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк патлумачыла, што следства прыпынілі паводле ч.1 арт. 246 крымінальна-працэсуальнага кодэксу ў сувязі з тым, што гэтак і не знайшлі асобы, якую можа лічыць падазраванаю.

Аксана Салянюк падкрэсліла, што на сёння справа не закрытая, а прыпыненая, і ў любы момант, як знойдуцца нейкія новыя факты, следства адновяць.

Наталля Шэлег тым часам дасюль цярпіць ад наступстваў выкрадання. Як распавёў спадар Вячаслаў, у дачкі знайшлі зрух шыйнай звонкі, усцяж часта здараюцца галаўныя болі, часам такія моцныя, што яна вымушаная прапускаць школу. «Аднойчы яна, як ішла ў школу, згубіла прытомнасць, – кажа Вячаслаў Шэлег. – Добра, што побач былі сяброўкі, якія яе дадому прынеслі».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары