«БелАЗ»-забойца, правакатары на Плошчы ды выбух у метро. Апублікавалі сцэнар «Авеля»


Шэраг беларускіх сайтаў апублікаваў 170-старонкавы файл, як мяркуюць, са сцэнаром фільму «Авель», на які з беларускага бюджэту выдаткавалі $ 2,5 млн.

Скандальнасць стужцы прынеслі сцэны з масавымі пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Здымкі адбываліся ў Менску з удзелам студэнтаў – у «дабраахваотна-прымусовым» парадку. Удзельнікам масоўкі забаранілі крычаць «Жыве Беларусь!», замест гэтага яны скандавалі «Штосьці не так!». Потым дэманстранты штурмуюць Дом ураду, які абараняе жменька праваахоўнікаў пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Краўчука, «моцнага бульбаша прыблізна 45 гадоў».

«Тое, што менчукі пазнаюць у гэтым Плошчу, не нашая віна. Усе гэтыя падзеі могуць адбывацца дзе заўгодна. Мы не ўзнаўляем таго, што было. Мы проста робім кіно», – заявіў журналістам рэжысёр стужкі Ўільям Дэвіталь (William Devital).

Апублікаваны сцэнар здзіўляе недарэчнымі задумамі – гэтак, адзін з галоўных герояў, працаўнік Службы бяспекі, уцякае ад шматтоннага «БелАЗа», пры гэтым на хаду чапляецца за цяжкавік, узбіраецца да кабіны, дзе аказваецца, што «БелАЗам» кіруе з дапамогаю дыстанцыйнага пульта злачынца.

Фільм распавядае пра драматычная адносіны паміж двума братамі, адзін з якіх – працаўнік Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі, другі – пратэстоўца з Плошчы. Адначасова з гэтым у фільме дзее сакрэтная арганізацыя наўпроставых нашчадкаў Авеля, якая спрабуе перадухіліць злачынствы, якія здзяйсняюць носьбіты генетычнага коду Каіна.

«А што бывае, калі шчыльнасць каінітаў на квадратны кіламетр зашкальвае?» – пытае ў адной са сцэнаў галоўны герой. «Тое, што адбываецца цяпер у Лівіі. Грамадзянская вайна», – чуе ў адказ.

Паводле апублікаванага сцэнара, у фільме таксама ёсць сцэна з тэрактам у метро. Аўтар не абмяжоўвае сябе ў апісанні наступстваў выбуху – гэта і маладзён, які трымае ў руках кавалак сваёй адарванай нагі, і маленькі хлопчык, што плача над целам забітай маці.

Канчаецца стужка сцэнамі масавага забойства на выспе Утэя (Utøya) ў Нарвегіі. «Нядаўна поўны жыцця і маладога задору востраў ператварыўся ў пекла. Паўсюль – трупы», – гэтак выглядае апісанне адной з фінальных сцэнаў.

Прадусар стужкі ў інтэрв’ю радыё «Свабода» заявіў наконт апублікаванага сцэнара, што «нехта на першым этапе падрыхтоўкі фільму ўзяў тэкст і па-свойму яго дапрацаваў».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў