Пешшу ў Польшчу: «Ідуць заўсёды, нават уначы»


Мінуў месяц з адкрыцця пешага пераходу на беларуска-польскай мяжы Брузгі-Кузніца. «Белсат» спраўдзіў, ці карыстаецца новая паслуга попытам і наколькі зручна пераадольваць мяжу на сваіх двух.

Стаянка – з іншага боку

Калі з польскага боку мястэчка Кузніца раскінулася адразу за пунктам пропуску, то ад Горадні да КПП Брузгі – 20 км. Пешшу пераадолець гэтую адлегласць дасца за паўдні. Зручней скарыстацца прапановай аўтавакзала – аўтобусы да КПП Брузгі ходзяць чатыры разы на дзень (у 10.00, 12.00, 14.00 і 16.20), у суботу і нядзелю дадаткова ходзіць вечаровы а 18.00. Білет каштуе Br 13,8 тыс. Зваротныя маршруты адпраўляюцца з Брузгоў на 40 хвілін пазней. А вось маршрутка да Кузніцы ходзіць толькі два разы на дзень – зранку і ўвечары, акрамя нядзелі, ды каштуе амаль у чатыры разы больш.
Мы вырашылі паехаць на сваім аўтамабілі. Вунь і чарга з фураў. Абмінаем яе, паварочваем на стаянку… а там бетонныя перакрыцці. Аказваецца, каб трапіць на пляцоўку, трэба збочыць улева за 700 метраў да мяжы перад знакам “паварот на Індуру, Гродна”. Але ніякіх паведамленняў пра гэта не было. Першая недарэчнасць. Прыходзіцца вяртацца ды аб’язжджаць навокал. Прыпаркавана ўжо з дзесятак машын. Знак паведамляе, што за паркоўку трэба заплаціць, аднак ніхто да нас не падыходзіць, і іншы кіроўца пацвярджае, што тут можна пакінуць машыну бясплатна.

Памежнік: «Ідуць заўсёды, нават уначы»

Пяць хвілін дарогі праз “зебру” перад фурамі – і мы каля шлагбаўма. Дзяжурны памежнік выдае кантрольны талон ды тлумачыць, што з беларускага боку мы праходзім побач з аўтамабілямі. Паводле ягоных словаў, людзей праходзіць шмат, па 300 асобаў за змену ў 12 гадзін. Для параўнання ў першыя дні пасля адкрыцця пераходу за содні праходзіла некалькі дзесяткаў людзей. “Ідуць заўсёды, нават уначы”, – усміхаецца малады супрацоўнік. Абмежаванняў па колькасці “ходак” у дзень пакуль няма.
І сапраўды за намі ідзе яшчэ некалькі чалавек – парамі, тройкамі. Пераважна маладыя людзі. Ад пытання аб карысці для іх пешага пераходу ўхіляюцца. “Мы турысты”, – запэўніваюць хлопцы ў спартовай вопратцы з торбамі праз плячо, – “запытайцеся вунь у тых за намі, яны ўсё вам распавядуць”. Праз гадзіну сустраем іх у краме каля мяжы з польскага боку. “Мы па сваіх справах, хто яшчэ навошта ідзе – не ведаем”, – адказвае пара інтэлігентных людзей без торбаў.

Пешы пераход ёсць, але «зебраў» бракуе

У выходны дзень машын амаль няма. А ходнік ёсць, але моцна занесены снегам так, што часам па ім немагчыма ісці. На шляху да пашпартнага кантролю неабходна пераходзіць дарогу перад машынамі – але ж «зебры» ёсць не паўсюль. Нас ратуе пільнасць ды малая колькасць транспарту. Пашпартны кантроль праходзім разам з пасажырамі аўтамабіляў. Хоць аўтамабілісты ў інтэрнэце абураюцца, але пешаходы не становяцца ў канец чаргі. Яны займаюць месца пасля пасажыраў першай на выездзе машыны, то бок перад пешымі турыстамі можа быць усяго некалькі чалавек. Праверка пашпартоў займае пару хвілін. Крыху далей аддаем талон беларускаму памежніку і выходзім за межы Беларусі.
Цяпер маем магчымасць зазірнуць ў два дзейсныя дзьюці-фры. На ўваходзе плакат паведамляе пра абмежаванні ўвозу тавараў у Еўразвяз – 40 цыгарэтаў, адзін літр гарэлкі або два літры слабейшых напояў менш за 22 %, ды 16 літраў піва. Акрамя гэтых тавараў крама рэалізоўвае касметыку, парфэмерыю, слодычы. Кошты напісаныя ў еўра, і разлічвацца імі найбольш выгадна, хоць можна і ў іншай валюце. Па словах бывалых пакупнікоў курс пры разліку беларускімі рублямі ўзрастае амаль у два разы. Мне на касе не стае аднаго долара, і касір прапануе дадаць Br 8 тыс. пры існым у горадзе больш за Br 9,5 тыс. Яна скануе нашыя пашпарты ды правярае талон, бо на зваротным шляху ў Беларусь набываць прадукты без пошліны забаронена.
З першымі закупамі рушым на тэрыторыю Польшчы і разгублена збіраемся ізноў лавіраваць паміж машынамі. «Упершыню?, – здзіўляецца афіцэр. – Вось у тую браму». Над галавой і сапраўды бачым значак з чалавечкам і адпаведным надпісам па-польску. Праз пяцьдзесят метраў дзверы ў кантрольную пабудову – у вакенцы ставяць на пашпарце штамп, поруч мытнік: «Цыгарэты, алкаголь?» Праз імгненні мы ізноў у бясконцым, падаецца, калідоры, які вялікім круком агарняе справа тэрыторыю памежных праверак. Плот досыць высокі, за ім праз дзесяткі метраў яшчэ адзін металічны. З вышыні за намі назіраюць відэакамеры, а мы ўзіраемся ў заснежанае наваколле. Думкі пра вязняў гета нечакана дапоўніў падскочыўшы з лаем да плоту сабака – з таго боку яго трэнаваў працаўнік мяжы. Нарэшце скончыліся некалькі сот метраў і разважанні пра $ 300 тыс., затрачаныя польскім бокам на стварэнне такога пераходу. Ад машыны да канца калідора разам з візітам у краму мы разняволенным крокам прайшлі за гадзіну.

«На падсадку» забіраюць, як раней

Не бачна тых, хто б галасаваў у кірунку Беластоку. Але вось жанчына перамінаецца на раздарожжы каля КПП. Хутка каля яе спыняецца машына, і пасля кароткіх перамоваў забірае яе на беларускі бок. У Беласток з Кузніцы штодня акрамя нядзелі 1-2 разы на гадзіну ходзяць аўтобусы. Прыпынак непадалёк ад мяжы.
Пешы пераход спрасціў шлях для пакупнікоў ды гандляроў. У Кузніцы зусім блізка да мяжы за паваротам надалей працуе “поле цудаў”. Карыстальнікі інтэрнэту, што замаўляюць рэчы на польскіх аўкцыёнах ці ў пэўнай кампутарнай краме, могуць не шукаць пасрэднікаў – на які польскі адрас даслаць тавар, а пасля – хто б мог перадаць каштоўнасці з таго боку мяжы. Цяпер можна накіроўваць свае замовы да запатрабавання на пошту Кузніцы, і маючы візу, іх хутка забіраць. Для пакупнікоў «у рэале» нават у нядзелю непадалёк працуе шэраг крамаў. Дзейнічае кантар, з курсам пакупкі долара Zl 3,05. Мы зазірнулі ў «Бедронку», дзе ёсць усяго патроху, але з невялікім выбарам ды немагчымасцю разлічыцца карткай, ды ў душы падтрымалі імпэт карыстальнікаў гарадзенскага форума, якія мараць пра гандлёвыя цэнтры ў Кузніцы.
Вяртанне дамоў заняло менш часу. Туннэль у польска-беларускім кірунку менш выгнуты і таму карацейшы. На зваротным шляху ў тым жа будынку, дзе ставяць у пашпарце штамп аб «выхадзе» з Польшчы, ёсць магчымасць вярнуць «ваты». Мы прайшлі дарогу праз праверку пашпартоў ды рэчаў да машыны за паўгадзіны. На стаянцы паболела машын, некаторыя не змяшчаліся на паркоўцы і стаялі за яе межамі. Групка людзей лавіла ў гэтым месцы машыны. Было бачна, што адзін мужчына трымаў у руцэ Br 5 тыс. Мы не паспелі ад’ехаць, як пешаходы знайшлі сабе транспарт.
Беларуска-польскае пагадненне ад пешым пераходзе праз мяжу існавала з 90-х гадоў, але рэалізаваць яго давялося толькі сёлета. Праўда, пэўны час беларусы маглі “напалову” хадзіць пешшу за мяжу, толькі праз свой бок, а далей прасіць іх падвезці, каб мінуць і польскі. Цяпер польскі бок абсталяваў і адкрыў цалкам пешы пераход, але ніводнага паляка на сваім шляху праз мяжу мы не заўважылі.
Настасся Фрода, belsat.eu
Стужка навінаў