«Камсамольцам» дадуць грошай яшчэ на два гады


БРСМ меўся выйсці на самаакупнасць да канца 2013 года. Аднак найбуйнейшая моладзевая арганізацыя Беларусі па-ранейшаму не можа існаваць без дзяржаўных датацыяў: Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога наступныя два гады БРСМ будзе працягваць атрымліваць грошы з дзяржаўнага бюджэту.

Гэта прадугледжвае Указ прэзідэнта № 55 за 30 студзеня 2014 года, размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакументам унеслі змены ў іншы ўказ, дзе прапісалі дзяржаўнае падтрыманне БРСМу на 2013 год. Новы ўказ прадпісвае словы «ў 2013 годзе» замяніць словамі «2013–2015 гадах».

Дакумент прынялі «з мэтаю развіцця моладзевага руху ў Рэспубліцы Беларусь, аказання садзеяння грамадскаму аб’яднанню «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Указам устаноўлена, што чальцы БРСМу, абраныя ў яго кіроўныя органы, улучаюцца ў склад калегіяў міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, працы і сацыяльнай абароны.

Асобных абзацаў дакументу, што датычаць фінансавання БРСМу, не раскрываюць – яны значацца пад грыфам «для службовага карыстання».

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра неабходнасць выхаду БРСМу на самафінансаванне. Аднак тэрміны выканання гэтага даручэння неаднаразова адсоўваліся.

На сустрэчы з першым сакратаром цэнтральнага камітэту БРСМу Ігарам Бузоўскім у снежні 2012 года Лукашэнка заяўляў: «Я не ўтаю і не збіраюся ад кагосьці ўтойваць: мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць наш саюз моладзі».

«Камусьці ён падабаецца, камусьці не падабаецца, але прыкладна паўмільёна чалавек сёння ёсць рэальнымі чальцамі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, якія маюць членскія білеты і плацяць унёскі. І няхай гэта невялікія ўнёскі, вялікія і не трэба, можа быць, цяпер, хто хоча больш дапамагчы, той дапаможа, справа не ва ўнёсках, але гэта рэальная колькасць», – зазначаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны звярнуў увагу на тое, што БРСМ, роўна як і арганізацыя «Белая Русь», – добры рэзерв кадраў: «У частцы Камітэту дзяржбяспекі, МУСу, усіх праваахоўных органаў мы выйдзем на тое, што трэба будзе рэкамендацыя моладзі, каб працаваць на гэтай ніве, і таму ў гэтым плане будзе ўзмацняцца роля моладзевай арганізацыі».

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары