Беларускія «сюрпрызы» для замежнікаў. Што чакае турыстаў чэмпіянату свету па хакеі?


Прадстаўнікі дзяржаўнага памежнага камітэту заявілі аб бязвізавым уездзе ў Беларусь для ўсіх уладальнікаў квіткоў на матчы чэмпіянату свету па хакеі. Ці азначае гэта, што Менск чакае нашэсце хакейных заўзятараў?

Квіток на матч замест візы

Адмена візаў з 25 красавіка да 31 траўня для хакейных фанатаў можа прыцягнуць у Беларусь шмат турыстаў. Звычайна жыхары Еўразвязу мусяць заплаціць за беларускую візу значную суму грошай.

Згодна з тарыфам аплаты консульскіх паслугаў, размешчаным на сайце Беларускай амбасады ў Варшаве, кошты за разгляд заявы на візу вагаюцца ад € 10 за транзітную візу для грамадзянаў сумежных з Беларуссю краінаў да € 535 за хуткі разгляд дакументаў на шматразовую візу для грамадзянаў Вялікай Брытаніі. Віза на аднаразовы ўезд у Беларусі каштуе ад € 25 да 117, у залежнасці ад краіны, з якой паходзіць заяўнік.

Замежнікі, якія прыязджаюць з краінаў, дзе няма беларускага консульскага прадстаўніцтва, могуць набыць візу ў аэрапорце Менск-2. Аднаразовая віза каштуе там ад € 90 да 350. Апроч гэтага, заяўнік мусіць выдаткаваць грошы на фотаздымак, страхоўку, хадайніцтва асобы ці арганізацыі, якая запрашае ды іншыя дадатковыя дакументы, якія могуць запатрабаваць консульскія службы. Да ўсяго, каб аформіць беларускую візу, трэба мець багата часу на візіты ў консульства.

Таму нашмат танней і зручней паехаць у Беларусь, купіўшы квіток на хакей. Самы танны квіток на матч будзе каштаваць усяго Br 91 тыс. Паводле сайту «Ticketpro.by», такія квіткі засталіся на большасць матчаў групавога этапу турніру.

Гатэлі і фан-вёска

Афіцыйны тураператар чэмпіянату свету па хакеі «ЦэнтрКурорт» – кампанія, якая належыць Адміністрацыі прэзідэнта. Інтэрнэт-старонка кампаніі прапаноўвае заўзятарам туры і жытло падчас чэмпіянату – месцы ў гатэлях і апартаментах ад € 60 да 2000 за ноч. Аднак прадугледжаны і эканом-вырыянт. Заўзятары змогуць пасяліцца ў фан-вёсцы, разлічанай на 5 тыс. асобаў. Пад гэтыя патрэбы будуць прыстасаваныя новыя студэнцкія інтэрнаты, што месцяцца на паўднёвым захадзе беларускай сталіцы. Студэнты штомесяц плоцяць за месца ў інтэрнаце ў сярэднім 2–3 базавыя велічыні, што складае € 20–30. Начлег у інтэрнаце для заўзятараў будзе каштаваць ад € 25.

На сённяшні дзень месца ў менскім хостэле ў сярэднім каштуе € 10 за ноч, гэта столькі ж, колькі ў Вільні або Таліне зімою, калі турыстычны сезон скончаны. Невядома, ці падымуцца кошты ў менскіх хостэлах у траўні, але відавочна, што кошт € 25 за ноч супастаўны, хутчэй, з коштамі за начоўку ў Хельсінкі ці Стакгольме, чымся ў гарадах Усходняй Еўропы.

Рэгістрацыя

Тыя турысты, што не будуць карыстацца з дапамогі «ЦэнтрКурорту», а самастойна здымуць кватэру ці будуць жыць у сяброў, могуць сутыкнуцца з праблемаю рэгістрацыі. Паводле начальніка аддзелу памежнага кантролю Сяргея Бялько, згодна з беларускім заканадаўствам, кожны замежнік цягам 5 дзён мусіць зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі: у Міністэрстве замежных справаў, аддзелах грамадзянства і міграцыі міліцыі або гатэлі, які ажыццяўляе рэгістрацыю іншаземцаў. Выключэнне – грамадзяне Латвіі, Літвы, Украіны і Расеі. З гэтымі краінамі падпісанае пагадненне, згодна з якім іх грамадзяне могуць заставацца ў Беларусі без рэгістрацыі да 30 дзён.

Калі ў гатэлях і фан-вёсцы заўзятараў зарэгіструюць адказныя за гэта працаўнікі, то турысты, якія знайшлі жытло самастойна, будуць вымушаныя пайсці ў Аддзел грамадзянства і міграцыі. Прычым пры сабе яны мусяць мець: заяву адпаведнай формы ці хадайніцтва арганізацыі, якая прымае; пашпарт; міграцыйную карту, якую атрымліваюць ад памежнікаў на беларускай мяжы; медычную страхоўку і квітанцыю аб аплаце дзяржаўнага мыта.

У выпадку, калі рэгістрацыі няма і замежнік застаецца ў Беларусі больш за 5 дзён, прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь, то бок да € 200. У большасці краінаў свету рэгістрацыі няма, таму дапусціць, што шмат хто з заўзятараў рэгістравацца не будзе, бо для іх гэтая працэдура не зразумелая. Таму, верагодна, што ў канцы траўня «гасцінныя» беларускія памежнікі пачнуць дбаць пра паступленні ў бюджэт, спаганяючы з замежных турыстаў штрафы за адсутнасць штампу аб рэгістрацыі.

ВБ, belsat.eu

Стужка навінаў