500-я ўгодкі Бітвы пад Воршаю ў Беларусі будуць святкаваць без уладаў


У Беларусі рыхтуюцца годна адзначыць 500-я ўгодкі важнай гістарычнай падзеі. Аднак усю ініцыятыву вымушаныя ўзяць у свае рукі грамадскія колы. Падзеі, якая адбылася 8 верасня 1514 года, у календары дзяржавы не існуе.

{movie}Годнае святкаванне|right|14579{/movie}

Крапівенскае поле пад Воршаю. Месца адной з самых буйных бітваў еўрапейскіх народаў за сваю свабоду. Часы Вялікага Княства Літоўскага нагадваюць тут адно сціплы крыж і камень, пастаўлены намаганнямі неабыякавых людзей. У сучаснай жа Беларусі…

МІКОЛА КУПАВА, МАСТАК:
“Ніяк не ўвекавечаная гэтая памяць. Няма вуліцаў Канстанціна Астрожскага і другіх герояў гэтай вайны – Юрыя Радзівіла, Івана Сапегі, а таксама іншых вядомых і невядомых”.

Тое, чаго пакуль не збіраецца рабіць дзяржава, вырашылі рэалізаваць прадстаўнікі культурніцкіх і навуковых колаў Беларусі. Менавіта яны і абвесцілі 2014 год Годам бітвы пад Воршаю.

АНДРЭЙ МЕЛЬНІКАЎ, БАРД:
“Святкаванне будзе адбывацца цягам усяго года. Будуць навуковыя канферэнцыі. Я бяру на сябе невялікую аршанскую частку – гэта вандроўкі на працягу ўсяго года”.

Акрамя гэтага плануецца правесці шэраг мастацкіх імпрэзаў, прысвечаных 500-м угодкам бітвы пад Воршаю. Таксама падрыхтаваныя да публікацыі і цікавыя навуковыя працы. Але гэта далёка не ўсё. Аргкамітэт звернецца да менскіх і аршанскіх уладаў з просьбаю перайменаваць некаторыя вуліцы ў гонар герояў бітвы. Асобны зварот будзе накіраваны ва ўрад з мэтаю стварэння помніка.

МІКОЛА КУПАВА, МАСТАК:
“Калі гэта помнік, няхай гэта будзе манумент – можа, нешта большае. Усё залежыць ад рашэння ўраду і гарадскіх уладаў”.

Усё дзеля таго, каб 500-я ўгодкі бітвы пад Воршаю сталі ў Беларусі выключнаю падзеяй. І зразумела, чаму. Паводле гісторыкаў, перамога ваяроў Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага ў бітве супраць у некалькі разоў большага войска Маскоўскай дзяржавы мела вялікае значэнне.

ЭДВАРД ЗАЙКОЎСКІ, ГІСТОРЫК:
“Беларускі этнас атрымаў перадышку для свайго развіцця і далейшага фармавання”.

Аднак на афіцыйным узроўні святкаваць угодкі бітвы пад Воршаю пакуль не збіраюцца. Стаўленне ж уладаў да падобных падзеяў цягам апошніх дваццаці гадоў больш нагадвае спробу выкрасліць іх з гісторыі.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў