«Экамедсэрвіс» асудзілі


У самай рэзананснай за апошнія гады медычнай справе вынеслі прысуд. У смерці 25-гадовай Юліі Кубаравай суд палічыў вінаватымі трох працаўнікоў “Экамедсэрвісу”. Самы жорсткі прысуд пачуў былы анестэзіёлаг клінікі. Яго прызналі вінаватым у неналежным выкананні службовых абавязкаў, што прывяло з неасцярожнасці да смерці пацыенткі.

{movie}«Экамедсэрвіс» асудзілі|right|14578{/movie}

Аляксандра Шурава – анестэзіёлага найвышэйшай катэгорыі з 23-гадовым стажам працы – суд прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі-пасяленні. Раней медык прызнаў сваю віну, але толькі ў тым, што няправільна ацаніў стан пацыенткі пасля аперацыі ды пакінуў клініку.

Асуджаныя ж за службовую нядбайнасць галоўны інжынер і былая гендырэктарка “Экамедсэрвісу” будуць абскарджваць вырак. Вадзіма Ліхуту пакаралі 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах пасялення. Галіне Валжанкінай, якая на момант трагедыі займала пасаду гендырэктара ўсяго 12 дзён, суд прызначыў 2 гады так званай “хатняй хіміі”. Суд абавязаў “Экамедсэрвіс” выплаціць 500 млн руб. кожнаму з бацькоў памерлай дзяўчыны ў якасці маральнай кампенсацыі.

БАЦЬКІ ЮЛІІ КУБАРАВАЙ:
“Парадокс у тым, што нават калі б пакаралі смерцю, нам не стала б лягчэй. 4, 5 ці 7 – фактычна, для нас гэта нічога не змяняе. Мы калі пачыналі суд, то казалі, што хаця б неяк больш парадку будзе ў медыцыне, для іншых пацыентаў”.

Парадак у медыцыне праз маштабныя праверкі Міністэрства аховы здароўя пачало навадзіць праз два тыдні пасля смерці Юліі Кубаравай, але толькі ў прыватных медцэнтрах.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў