«Авель». Штосьці не так!


Без сцягоў і апазіцыйных лозунгаў, затое з кактэйлямі Молатава, праўдзівымі спецназаўцамі, аўтазакам і супрацоўнікамі спецслужбаў. У Менску распачаліся здымкі стужкі “Авель”. Гэтак званы нацыянальны кінапраект выклікаў выбух цікаўнасці. Толькі наўрад ці такой, як чакалі яго стваральнікі ды замоўцы.

{movie}«Авель». Штосьці не так!|right|14576{/movie}

Скандаваць “Жыве Беларусь!” масоўцы забаранілі, замест крамольнага для ўладаў лозунгу дазволілі выкрыкваць фразу “Что-то не так!”.

Стваральнікі фільму “Авель” гэткім чынам спрабуюць прыбраць са стужкі як мага больш відавочнай палітыкі. Але казаць, што ад гэтага кіно атрымаецца менш палітычнае, не выпадае.

АНДРЭЙ КУРЭЙЧЫК, РЭЖЫСЁР, КІНАСЦЭНАРЫСТ:
“За гэтымі сцягамі, за гэтымі крыкамі “Жыве Беларусь!” стаіць аграмадны культурны пласт, інтэлігенцкі культурны пласт. Яны хацелі паказаць, што гэта не інтэлігенцыя, а быдла, бандыты, адмарозкі, тэрарысты, экстрэмісты”.

Усё, як казаў і кажа кіраўнік дзяржавы. У кіно ж экстрэмізм удзельнікаў Плошчы падкрэслілі нападамі з кактэйлямі Молатава на безабаронных спецназаўцаў.

На такую трактоўку аўтарамі фільму падзеяў 19 снежня 2010 года бурна адрэагаваў інтэрнэт. У сеціве з’явілася і відэа здымак на плошчы Незалежнасці. А лозунг “Что-то не так!” зрабіўся галоўным інтэрнэт-мемам дня. З тым, што ў Беларусі і сапраўды штосьці не так, згодныя не толькі інтэрнаўты, але і мінакі на вуліцах.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Паглядзіце на пенсіянераў: што яны купляюць? Хлеб, малако і думаюць, купіць ім батон ці не купіць”.
“У нас у краіне няма дэмакратыі абсалютна, няма парадку ў медыцыне, у адукацыі”.

Штосьці не так і з фільмам – лічыць дзеяч беларускай дыяспары ў Маскве Алесь Чайчыц. На адрасы замежных актораў, якія маюць зняцца ў “Авелі”, ён даслаў лісты з заклікам адмовіцца ад удзелу ў прапагандысцкім, на ягоную думку, праекце.

АЛЕСЬ ЧАЙЧЫЦ, ДЗЕЯЧ БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ Ў МАСКВЕ:
“Калі гэты актор, Эрык Робэртс, здымаецца ў фільме, які служыць прапагандысцкім мэтам аўтарытарнага рэжыму, гэта выклікае пэўныя пытанні: што ён думае пра наяўнасць палітвязняў у Беларусі, пра парушэнні правоў чалавека? Вось гэта тыя пытанні, якія я яму ў сваім лісце задаў”.

Чакаецца, што “Авель” будзе гатовы ўжо восенню. Які ж лёс чакае стужку, калі ўжо цяпер у яе так багата крытыкаў? На думку адмыслоўцаў, фільм будзе хутчэй выключна для “ўнутранага карыстання”.

АНДРЭЙ КУРЭЙЧЫК, РЭЖЫСЁР, КІНАСЦЭНАРЫСТ:
“Фільм, заснаваны на прыгонным праве, на рабскай працы. Я проста не ўяўляю сабе таго фестывалю, які б, прачытаўшы артыкул пра тое, што студэнтаў у 20-градусны мароз прымусова, ці добраахвотна-прымусова, зганялі, пасля гэтага ўзяў такі фільм у праграму”.

Працавала ж масоўка літаральна за гарбату і булачку, пра што красамоўна сведчыць вось гэты квіток. Але ж праўдзівых удзельнікаў падзеяў 19 снежня абурае далёка не толькі рабская праца масоўкі.

ПАВЕЛ ВІНАГРАДАЎ, МОЛАДЗЕВЫ АКТЫВІСТ:
“Дагэтуль не ўсе вярнуліся з Плошчы 19 снежня. Статкевіч, напрыклад, яшчэ сядзіць. А нейкі “маладзец” узяўся ўжо здымаць пра гэта кіно”.

Кіно, якое, паводле крытыкаў, мае стаць галоўнаю ідэалагічнаю зброяй уладаў перад выбарамі 2015 года.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/Cp2jYXu4w7s

Глядзі таксама
Каментары