Украінскія прадпрымальнікі даюць працу беркутаўцам, якія перайшлі на бок народу


Тыя з беркутаўцаў, хто ўжо напісаў заявы, праявіўшы сваё сумленне, а таксама сем’і загінулых на Майдане атрымаюць дапамогу і будуць забяспечаныя працаю, паабяцаў сябра Камітэту прадпрымальнікаў Львоўшчыны Яраслаў Рушчышын.



Львоўскія бізнесоўцы цягам паўгода будуць фінансава падтрымліваць 45-гадовага экс-беркутаўца Яраслава, які 24 студзеня падаў рапарт на звальненне з органаў унутраных справаў.

Мужчына публічна прызнаўся, што праслужыў у спецпадраздзяленні 24 гады, але цяпер не можа без сораму глядзець у вочы калегам, якія ні за што збіваюць людзей, ды не можа быць на службе ў дзяржавы, якою кіруюць людзі з судзімасцю.



«Людзей ужо не вернеш, але я хачу папрасіць прабачэння за тых дзяцей, за герояў, за армяніна», – заявіў медыям адстаўны беркутавец.

Разам са спадаром Яраславам рапарты аб звальненні падалі яшчэ чацвёра супрацоўнікаў «Беркута», адзін з якіх – цяпер у Кіеве. Усе рапарты задаволеныя, паведамілі ў львоўскай міліцыі.



Камітэт прадпрымальнікаў Львоўшчыны гатовы таксама прапанаваць працу беркутаўцам, якія яшчэ сумняюцца, але ўжо думаюць пра адстаўку.

«Адна справа, калі людзі адназначна робяць свой выбар ды ідуць, іншая справа, калі міліцыянты чакаюць вынікаў супрацьстаяння, а ўжо потым «перабягаюць», – тлумачыць спадар Рушчышын.

Камітэт прадпрымальнікаў складзе пералік кампаніяў, гатовых узяць да сябе адстаўных службоўцаў, улічваючы спецыфіку іхнай дзейнасці ды вялікі заробак 4–5 тысяч грыўняў, дадаў бізнесовец.

Пра гатовасць фінансава падтрымаць экс-беркутаўцаў днямі заявілі і банкіры з Чарнаўцоў. У прыватнасці, банкір і актывіст Майдану Пётр Аляксюк публічна агучыў свой намер плаціць цягам паўгода заробак двум былым чальцам спецпадраздзялення ў абмен на рапарт аб звальненні.

«Пакуль яны будуць шукаць працу або будзе змяняцца ўлада, мы гарантуем ім выплаты, – адзначыў банкір. – Галоўнае, каб людзей больш не білі».

МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua

Стужка навінаў