Дзяржава канфіскуе дзяржаўнае


Імкліва прайшоў аўкцыён у сталіцы, дзе лотам было першае канфіскаванае паводле новага закону аўта. Неўзабаве ж на такіх гандляваннях можна будзе набыць не толькі аўтамабіль, але і калгасную тэхніку. П’яных кіроўцаў не бракуе і за стырном трактароў, якія ўлада цяпер таксама канфіскоўвае. Толькі ці не абсурд гэта, калі дзяржава забірае дзяржаўную маёмасць?

{movie}Дзяржава канфіскуе дзяржаўнае|right|14559{/movie}

Першае канфіскаванае паводле новых правілаў у нецвярозага кіроўцы аўта сёння пайшло з малатка. Эксперт ацаніў вартасць 12-гадовага «Fiat Stilo» ў 29 мільёнаў, але набыў яго той, хто прапанаваў цану ўдвая большую за першапачатковую. На лот жа прэтэндавалі 16 чалавек.

ДЗМІТРЫЙ БАРТКЕВІЧ НАМЕСНІК ДЫРЭКТАРА ГЦ «УСХОДНІ»:
“Ім прадастаўляецца доступ да аўтамабілю, працаўнікі гандлёвага дому ім дапамагаюць завесці аўтамабіль, калі заводка гэтага аўта магчымая”.

Гэты ж спецканфіскат завесці не атрымалася: аўта было раскамплектаванае, без акумулятара. А таму новы ўладальнік не хавае, што мала выгадаў на гэтай угодзе. Затое выгада дзяржавы тут відавочная.

НА АЎКЦЫЁНЕ:
“46 мільёнаў – тры! Прададзена ўдзельніку пад нумарам 15”.

Новыя правілы, паводле якіх забіраюць аўта, калі кіроўцу двойчы цягам года затрымліваюць нецвярозым, дзеюць ужо 3 месяцы. Але як адзначаюць у ДАІ, колькасць ахвотных пракаціцца пад градусам не паменела. Запраўляюцца вогненнаю вадою і вясковыя кіроўцы. А таму ў канфіскат трапляюць не толькі прыватныя аўты, але і… трактары. У Клецкім раёне суд канфіскаваў у прадпрыемства трактар-пагрузчык «Амкадор». У Пружанскім раёне рыхтуюць канфіскацыю ўжо другога калгаснага трактара.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, БЫЛЫ КУРАТАР АГРАРНАГА СЕКТАРУ:
“Кожны дзень можна такіх трактароў выстаўляць на аўкцыёны дзясяткі, сотні, калі ўсіх лавіць. І будуць туды-сюды перавозіць: у адным калгасе злавілі, прадалі ў другі”.

Але гэта не такая ўжо абсурдная схема. Канфіскоўваючы дзяржаўную маёмасць, дзяржава зарабляе!

МІХАІЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Абсурду няма: ёсць суб’екты гаспадарання – яны не роўныя дзяржаве. Дзяржава – гэта інструмент выкарыстання бюджэту, а гэта забіраюць у стваральнікаў бюджэту, папаўняюць бюджэт яшчэ дадаткова”.

Дапамагчы парадаю небагатым калгасам паспяшалася пракуратура. Кіраўнікам параілі кантраляваць кіроўцаў цягам усяго дня. Толькі ці ўпільнуеш усіх і ці трэба гэта мясцовым кіраўнікам?

МІХАІЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Начальнікам выгадней, каб яны былі п’яныя, таму што кожны раз яго можна ўпікнуць: чаму ты, скаціна, п’яны ездзіш? І ён будзе моўчкі атрымліваць свае 2 мільёны ў месяц”.

У судзе ж раяць з кіроўцаў, якія праштрафіліся, спаганяць кампенсацыю кошту трактара. Толькі што пры такіх заробках з іх возьмеш? Дый дзе ўзяць на іхнае месца новых кіроўцаў? А таму часцяком старшыні калгасаў і прадпрыемстваў абіраюць трэці шлях развязання праблемы:

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
“Ён губляў ліцэнзію, правы на кіраванне трактарам і заўтра старшыня калгасу ехаў да начальніка ДАІ і прасіў, давай там нейкім чынам уладкуем: працаваць няма каму!”.

А таму доўга яшчэ ўлада будзе змагацца з п’янымі кіроўцамі. Гэтак доўга, пакуль не пачне змагацца з прычынаю п’янства, а не яго наступствамі.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў