«Яны хочуць паказаць апазіцыю як нікчэмны натоўп». «Авель» здымалі да 7-й раніцы (фота)


У здымках фільму пра падзеі Плошчы-2010 «Авель» каля Дому ўраду ўдзельнічаў сапраўдны АМАП, а непадалёк стаяў аўтазак.

Масоўку стваралі каля 300 студэнтаў, хоць першапачаткова заяўлена было 500 чалавек. Паўдзельнічаць у кіношным «штурме» Дому ўраду прыйшлі пераважна студэнты БНТУ, і шмат хто з іх, відавочна, не па сваёй волі.

Студэнты: Мерзнем ды губляем свой час



«Прыйшоў сюды ў добраахвотна-прымусовым парадку, – распавёў Зміцер, студэнт 2-га курсу БНТУ. – Патэлефанавалі з дэканату, «параілі» прыйсці. У дэканаце быў спіс, у якім каля прозвішчаў тых, хто згадзіўся прыйсці, ставілі плюсікі. Ні ў каго тут няма жадання на марозе стаяць незразумела дзеля чаго».

Як высветлілася, студэнтам ніхто не патлумачыў, што будзе адбывацца на здымках, і нават пра што фільм.

«Нічога не тлумачылі, усю інфармацыю мы знайшлі самі ў інтэрнэце. Было проста ўказанне: каб а 19-й гадзіне 5 чалавек з групы былі сёння тут», – расказаў Зміцер.

«А мне прафкам напісаў пра здымкі, – распавяла Аня. – Але якога фільму, напісалі – не ведаем, калі хочаш – вазьмі ўдзел. Сказалі, што будуць ад рэктара нейкія бонусы. Пра што фільм – не ведаю, не цікавілася».

Паводле Змітра, ніякіх паблажак ад універсітэту не абяцалі, але яму асабіста ўдзел у здымках можа дапамагчы знізіць плату за навучанне: «Мне напрыканцы года, каб спадзявацца на зніжку аплаты, трэба будзе ўпісваць у хадайніцтва ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах. Вось і нагадаю ім тады пра гэтыя здымкі на «просьбу» дэканату».

Студэнты скардзіліся на здымачнай пляцоўцы на дрэнную арганізацыю здымак.

«Не разумею, няўжо нельга было арганізаваць усё нармальна. Запрасілі на 19-ю, зараз ужо пачатак 22-й, а нічога не адбываецца. Чаму мы павінны вось так губляць свой час?» – пытаўся Зміцер.

«Вельмі халодна, хоць бы гарбату арганізавалі пагрэцца», – абураліся дзяўчыны падчас перапынкаў паміж здымкамі.

Болей пра фільм у матэрыяле “Аб’ектыву”:

{movie}матэр’ял “Аб’ектыву”|right|14558{/movie}

«Я не магу зразумець, дзеля каго здымаюць гэты фільм?»



Зміцер адзначыў, што ў наступныя дні на здымкі больш не пойдзе і ўвогуле не бачыць у іх сэнсу: «Я не магу зразумець, дзеля каго здымаюць гэты фільм? Навошта цяпер гэта ўсё варушыць? Навошта аднаўляць у грамадстве ўсе гэтыя настроі?»

Зміцер не адзіны, хто мяркуе, што з дапамогаю «Авеля» правакуюць апазіцыю, і што ён можа выклікаць абвастрэнне настрояў у грамадстве.

«Мы ўдзельнічаем, каб паглядзець, як праводзяцца здымкі, – патлумачылі студэнты, якія пажадалі застацца ананімнымі. – А актуальнасці гэтага фільму не бачым. Не тое становішча цяпер у краіне, каб здымаць такое кіно».

Зміцер жа ўпэўнены, што «Авель» зусім не такі апалітычны праект, якім яго падаюць стваральнікі: «Мы зараз будзем граць апазіцыю. Я так разумею, што яны хочуць паказаць, што дзеянні апазіцыі былі бязглуздымі, што на плошчы стаяў нікчэмны натоўп студэнтаў, якія нічога не разумеюць у палітыцы, а нават тое, дзеля чаго прыйшлі на плошчу і што хочуць дасягнуць. Гэта марнаванне грошай. Лепш бы гэтыя сродкі накіравалі ў дзіцячы дом ці яшчэ куды, дзе ёсць патрэба, чым займацца такой бязглуздзіцаю».

Сапраўдны АМАП на здымачнай пляцоўцы

Рыхтаваліся да здымак амаль як да сапраўднай Плошчы – за гадзіну пад’ехаў аўтазак і спыніўся за педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Паўсюль была міліцыя.

Здымкі пачаліся каля 22-й гадзіны. Уздоўж уваходу ў Дом ураду пашыхтаваліся амапаўцы, якіх гралі працаўнікі сапраўднага АМАПу. Наперадзе іх прыкрывалі каскадзёры.

Да прыступак падышоў натоўп студэнтаў, якім кіравалі куратары масавых сцэнаў – навучэнцы Акадэміі мастацтваў. На каманду куратараў натоўп мусіў рухацца наперад, да дзвярэй Дому ўраду, крычаць і кідаць у сілавікаў бутэлькі з кактэйлем Молатава.

«Ніхто не ўсміхаецца і не хіхікае», – папярэджвалі куратары.

Падчас здымак бойкі натоўп студэнтаў выглядаў брутальней за амапаўцаў, якія тут больш нагадвалі ахвяру. Аднаму з іх падпалілі шчыт. Штурм Дому ўраду здымалі да 7-й гадзіны раніцы.



Сёння здымкі распачнуцца а 19-й і будуць праходзіць на Кастрычніцкай плошчы. Здымаць масавыя сцэны пра падзеі Плошчы-2010 будуць кожны вечар да 2 лютага.

«Авель» – фільм кінакампаніі «Nonstop Media», які распавядае гісторыю двух братоў паводле матываў біблейскага падання ў кантэксце падзеяў сучаснай Беларусі. У здымках задзеялі беларускіх і амерыканскіх актораў. Прэм’ера фільму плануецца на восень 2014 года.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў