«Газпром» патрабуе ад Украіны неадкладна заплаціць за газ. Масква ўзмацняе ціск на Кіеў


Энергетычная кампанія нагадвае, што Украіна да 25 студзеня мелася заплаціць за газ $ 2,7 млрд.

Атакі экстрэмістаў

«На жаль, дата пагашэння запазычанасці мінула. Мы чакаем, што прадстаўнікі нафтагазавага сектару прыедуць да нас, але ўкраінскі ўрад сышоў у адстаўку. Мы чакаем, што дамоўленасці будуць выконвацца», – заявіў віцэ-прэзідэнт праўлення «Газмпрому» Аляксандр Мядзведзеў.

«Газпром» таксама непакоіць бяспека транзіту газу: паводле Мядзведзева, украінская газатранспартная сетка можа стаць мішэнню для экстрэмістаў.

Дадуць – не дадуць?

Адначасова з гэтым з Расеі ідуць супярэчлівыя сігналы пра перспектывы выплаты першага траншу крэдыту памерам $ 3 млрд. У аўторак «Wall Street Journal», спасылаючыся на ананімнага высокапастаўленага чыноўніка, паведаміў, што пасля адстаўкі ўкраінскага прэм’ера Азарава Расея не дасць абяцанага крэдыту. У сваю чаргу Пуцін гэта зняпраўджвае. У сітуацыі, калі «Газпром» патрабуе пільнай аплаты запазычанасці, грошы з крэдыту ўсё адно вернуцца ў Расею.

Пры гэтым у медыях з’явілася інфармацыя пра тое, што расейскія мытнікі блакуюць экспарт украінскіх тавараў у Расею. Тое ж было ў жніўні 2013 г.

Паводле інфармацыі «Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавознікаў», расейцы зацягваюць мытныя працэдуры, адсылаючы на экспертызу ў Маскву сертыфікаты і іншыя дакументы на ўкраінскія тавары. Падчас мытнага агляду патрабуюць цалкам выгружаць тавар. Поўная мытная працэдура можа займаць да двух тыдняў. Калі апошні раз выкарыстоўваліся такія захады з боку расейскіх мытнікаў, дайшло фактычна да блакавання ўкраінскага экспарту. Гэта можа мець сур’ёзныя наступствы для ўкраінскай эканомікі – на Расею прыпадае да траціны ўкраінскага экспарту.

МЛ/ЯБ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары