Міліцыя правярае выбуховыя прылады з балтамі і гарохам са студэнцкай кватэры


«Так, сапраўды, такі факт быў. У адной з менскіх кватэраў, якую здымалі двое студэнтаў з Берасцейскай вобласці, выяўленыя прадметы, падобныя на самаробныя выбуховыя прылады», – пракаментавалі ў праваахоўных органах.



«Але інфармацыя пра тое, што іх было сем, моцна перабольшаная. Гэта прылады, падобныя на мінігранаты. Як пазней высветлілася, адзін са студэнтаў займаецца страйкболам, у якім выкарыстоўваюцца святлошумавыя гранаты, – распавялі ў міліцыі. – Адна святлошумавая граната каштуе $ 5–7. Як растлумачыў студэнт, у якога ў здымнай кватэры выявілі гэтыя прадметы, ён вырашыў зрабіць іх самастойна».

Абодва студэнты адпушчаныя пад абавязальніцтва аб яўцы, канфіскаваныя прадметы адправілі экспертам, праверка працягваецца, адзначылі праваахоўнікі.



У шэрагу інтэрнэт-медыяў з’явілася паведамленне, што самаробныя выбуховыя прылады выявілі ў адной з менскіх кватэраў, якую здымалі студэнты.

«Cем самаробных выбуховых прыладаў, тры з якіх былі начыненыя металічнымі балтамі, выяўленыя ў менскай кватэры, якую здымалі студэнты. Прылады выявілі яшчэ 11 студзеня 2014 года», – паведамілі інтэрнэт-медыі.

Выбуховыя прылады выявіў гаспадар кватэры, які здаваў жытло двум студэнтам Менскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжу, які пазней звярнуўся ў міліцыю.



«Пры аглядзе выбуховых прыладаў высветлілі, што яны гатовыя да ўжывання. Паводле высновы экспертаў, прылады ўяўлялі сабою паветраныя шары, напоўненыя петардамі завадской вытворчасці, цукрам для ўзмацнення сілы выбуху, а таксама паражальнымі элементамі. У чатырох прыладах у якасці паражальных элементаў быў гарох, а ў трох – металічныя балты, якія ўжо сведчылі пра сур’ёзнасць намераў вытворцаў», – паведамляюць медыі.

Як патлумачылі хлопцы, яны зусім не хацелі падрываць падрыхтаваных прыладаў у месцах збору людзей і тым больш не мелі намеру здзяйсняць тэракту. Паводле іхных словаў, яны паклалі металічныя балты ў прылады толькі для таго, каб паглядзець, як яны будуць паражаць дрэвы ў лесе.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў