Вярхоўная Рада – за амністыю пратэстоўцаў, але паводле сцэнару ўлады. Што далей?


Паводле ўхваленага ўкраінскімі дэпутатамі закону, амністыя наступіць толькі тады, калі ўдзельнікі Еўрамайдану вызваляць занятыя дзяржаўныя будынкі ды дарогі. Улады атрымалі перадышку, каб перагрупаваць сілы і выйсці на сілавы варыянт, лічыць дэпутатка Іна Багаслоўская.

Пратэстоўцы маюць 15 дзён, каб сысці з занятых будынкаў і дарогаў. Законапраект падрыхтаваў дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Юрый Мірашнічэнка.

Перад галасаваннем прэзідэнт Віктар Януковіч некалькі гадзінаў угаворваў Партыю рэгіёнаў прагаласаваць за праект Мірашнічэнкі ды пагражаў роспускам Рады. Аднак некаторыя з прадстаўнікоў ягонай партыі галасавалі супраць прапанаванага законапраекту.

Лідар партыі «Свабода» Алег Цягнібок заявіў, што дакумент быў прыняты з парушэннямі рэгламенту, дадаўшы: Майдан не будзе выконваць гэтага закону.

Дэпутатка Іна Багаслоўская мяркуе, што ўлады выкарыстаюць 15 дзён, адведзеных на вызваленне адміністратыўных будынкаў, «каб пазбавіцца ад усіх, хто з іхнага гледзішча не падпарадкоўваюцца першаму загаду, і згрупаваць сілы для рэальнага нападу на ўласны народ».

«Нам трэба гэтак жа рыхтавацца да абароны, як улады рыхтуюцца да нападу», – падкрэсліла спадарыня Багаслоўская. Паводле дэпутаткі, ва Украіне зноў можа праліцца кроў.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў