Хочаш лячыцца - плаці!


Хто аплоціць медычнае абслугоўванне? Улады Беларусі, падаецца, знайшлі выйсце. Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік не выключае, што ўжо ў хуткім часе звычайны візіт у паліклініку ці выклік хуткай дапамогі будзе часткова фінансавацца з кішэні пацыентаў. У сваю чаргу некаторым медыкам урад абяцае павысіць заробкі. Ці такія захады змогуць замяніць неабходныя рэформы?

{movie}Хто заплоціць?|right|14542{/movie}

Адстаяць у чарзе па доўгачаканы талончык да доктара, а пасля не трапіць на прыём. З такою магчымасцю мусіць лічыцца кожны, хто ідзе ў паліклініку. Да прыкладу, у гэткай чарзе візіту да лекара чакаюць у Барысаве. Дзяржава ведае праблемы пацыентаў, але ў падобных сітуацыях вінаваціць іх саміх.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Нашыя людзі не цэняць свайго здароўя. Можа, таму, што ў нас бясплатная медыцына”. Гэтак як у Амерыцы, а нават у Расеі ў нас ніхто не хоча! Там людзі баяцца захварэць. Па-першае гэта кепска, па другое гэта каласальныя выдаткі”.

Такая заява з вуснаў кіраўніка краіны прагучала некалькі дзён таму падчас сустрэчы з навукоўцамі. Ужо сёння тэму працягнуў і паглыбіў віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік. Урадовец падкрэсліў неабходнасць цягам паўгода перагледзець падставы для выклікаў дактароў і хуткай дапамогі, а таксама наведвання паліклінік. Тозік не выключаў, што пацыенты будуць часткова аплачваць медычную дапамогу.

АНАТОЛЬ ТОЗІК, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР БЕЛАРУСІ:
“Ці гэта нармалёва, калі чалавек 200 разоў на год прыходзіць у паліклініку? ходзіць туды, як на працу. А мы прымаем яго. Які ж бюджэт вытрымае такое?”

Што думаюць пра новыя планы дзяржавы грамадзяне? Меркаванні падзяліліся.

АПЫТАННЕ:
“Калі чалавек захварэў, калі з ім здарылася бяда, усё мусіць адбывацца бясплатна. Ёсць людзі, якія не здолеюць гэта аплаціць. Што ж ім, паміраць?”
“Медыцына кепская, і каб за яе яшчэ плаціць? Можа, варта было б зменшыць падаткі, каб людзі маглі плаціць за медыцыну і каб яна была якасная?”
“Калі гэта будзе сапраўды дапамога, я лепш буду плаціць”.
“Не заўсёды пенсіянер здолее гэта аплаціць. Я сама пенсіянерка”.

У сваю чаргу апазіцыйныя палітыкі ацэньваюць выказванне віцэ-прэм’ера адназначна.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
“Калі ў краіне праблемы ўлада стараецца іх павесіць на плечы тых людзей, за які яна адказная. Калі з дарогамі праблемы, няхай аўтамабілісты даюць грошы. У медыцыне праблемы? Прыходзьце са сваймі грашыма, мы будзем вас лепш абслугоўваць. Не гэта шлях да вырашэння праблемы. Праблема ў тым, што ўлада ўвесь час намагаецца захаваць СССР”.

Невялікія заробкі медыкаў, высокая нагрузка персаналу, недастатковае дафінансаванне медычнага сектару – гэта толькі некаторыя праявы хваробы цэлай сістэмы. Менавіта праз гэта штогод сваю прафесію пакідаюць каля паўтары тысячы лекараў. Галоўнаю падставаю крызісу, паводле экспертаў, застаюцца камандава-адміністрацыйныя метады кіравання медычным сектарам. Беларуская медыцына даўно чакае неабходных рэформаў.

АНДРЭЙ ВІТУШКА, РЭАНІМАТОЛАГ:
“Неабходная цэласная канцэпцыя шматбаковага рэфармавання медычнай сістэмы. Варта б было б пачаць з лібералізацыі гэтай сістэмы, аблягчыць працу прыватных медычных цэнтраў”.

Аднак грунтоўныя змены мусяць закрануць не толькі дактароў, але і пацыентаў.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
“Выключна страхавая медыцына. Падабаецца нам гэта ці не. Чалавек ведае, што калі ён адкладае свае грошы, ён іх жа можа і ўзяць. А не тое, што дзяржава захоча ці не. Гэта прыйдзецца рабіць не адразу. Але сам чалавек з таго, што адклаў на медыцыну, бярэ свае грошы ды ідзе да таго доктара, хто лепш працуе. І канкурэнцыя будзе, і дактары будуць значна лепш атрымліваць. Гэтак робяць усе цывілізаваныя краіны”.

Такога развязання ў Сінявокай пакуль не плануюць. Колькі атрымае медычны сектар, вырашае выключна дзяржава. За два апошнія гады ў Беларусі амаль удвая павялічылі фінансаванне сілавым структураў. Медыцына пра такое пакуль можа памарыць.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў